У Смаргонь на ПМЖ: «У Чыжоўцы ўсе былі апранутыя ў чорнае»

Аляксей Нарэйка з жонкай Кацярынай два гады таму з’ехалі з Менску, каб адкрыць у маленькім горадзе краму хэнд-мэйд вырабаў акурат паміж будынкам мясцовай адміністрацыі і каталіцкім касцёлам. Для сваіх гасцей яны ладзяць унікальныя ў Беларусі майстар-класы па маляванні на вадзе і з іроніяй узгадваюць шэрых сталічных жыхароў з Чыжоўкі.


Майстэрня настрою па дарозе на Вільню

На шляху з Менску да Вільні можна збочыць у сімпатычную краму хэнд-мэйду. Аляксей і Кацярына два гады таму пераехалі з шумнай сталіцы ў маленькую вёску непадалёк ад Смаргоні, а некалькі тыдняў таму сталі зоркамі мясцовага тэлебачання — падобныя рэчы ў раённым цэнтры нечаканыя. У іхняй краме «Кветачка  — майстэрня настрою» і пацешныя карціны, напісаныя на дошках, і вядзьмаркі, і вязаныя машынкі побач з традыцыйнымі саламянымі вырабамі ды лялькамі ў беларускіх строях. Майстарка, што шые гэтыя лялькі, дакладна сканструявала строі некаторых рэгіёнаў Беларусі.


«Мы імкнемся рэпрэзэнтаваць сучаснае народнае мастацтва, як яно ёсць у Беларусі. Самае лепшае — гэта не гнацца за чужымі краінамі, а рабіць сваё, і ў сваім ты заўсёды будзеш першы і найлепшы. Беларускія мастакі робяць вельмі цікавыя і незвычайныя рэчы і за гэтымі рэчамі прыязджаюць нават з-за мяжы», — распавядае сямейная пара.

Сярод упрыгожанняў — кулоны, незвычайныя завушніцы са скуры, шкла, тканіны, дрэва, з малюнкамі і без, і нават з натуральнымі раслінамі. Некаторыя рэчы, як падушкі ці рукавіцы робіць Кацярына:

«Хоць і навучаюся на гісторыка, заўжды хілілася да нечага творчага, люблю нешта вырабляць. У Смаргоні такога няма, нават няма, дзе фарбы купіць. Вось і з’явілася ў мяне ідэя адкрыць такую краму, і муж мяне адразу падтрымаў». 



Вазоны ў форме вежаў і замкаў, келіхі ручной інкрустацыі з беларускімі рэкамі і азёрамі і цікаўная варона кідаюцца нам у вочы. 

«Вось тут варона праводзіць экскурсіі, калі што звяртайцеся. Я проста пакуль падпрацоўваю, — жартуе Аляксей. — А вось тут гарлачыкі і кубачкі, якія робяць муж з жонкай. У іхнім горадзе за савецкім часам разваліўся завод, што вырабляў кераміку. Яны за бясцэнак купілі абсталяванне і цяпер самі іх робяць». 

Малюнкі на вадзе 

«А цяпер Каця вам пакажа незвычайны від мастацтва, які будзе сёння прэзентаваць наведвальнікам. Гэта навінка не толькі для Смаргоні, але і для Беларусі, ды ў суседніх краінах яна не паўсюль ёсць», — з гэтымі словамі нас падвялі да стала, дзе ўжо стаялі фарбы і тазікі з вадой. 

Старажытнай турэцкай тэхнікай малявання на вадзе, як яшчэ таксама называюць эбру, Каця зацікавілася яшчэ ўлетку на літоўскім кірмашы, а пасля адкрыцця крамы вырашыла замовіць з Турэччыны для продажу некалькі набораў. 

У эбру выкарыстоўваюцца выключна натуральныя фарбы і пэндзлікі. Сэнс тэхнікі ў тым, што спачатку трэба намаляваць малюнак на вадзе, а потым перанесці яго з вады на паперу альбо тканіну. Фарбы на вадзе не размываюцца за кошт таго, што ў ваду дадаецца адмысловы раствор, які робіць яе густой. 


У Чыжоўцы ўсе былі апранутыя ў чорнае

У планах Кацярыны і Аляксея запрашаць майстроў і ладзіць майстар-класы па вышыванні, вязанні на прутках і шыдэлкам, дэкупажы, саломцы, таксама яны будуць прадаваць і прылады для творчасці. А яшчэ муж з жонкай хутка прывязуць у Смаргонь батлейку ў такім выглядзе, як яна была раней, і разлічваюць нешта з ёй ладзіць.  

«Крама вучыць людзей прыгожаму, падымае настрой. Я колісь жыў у Мінску, у Чыжоўцы, і мяне вельмі напружвала, што, калі ты заходзіш у аўтобус — бачыш, што ўсе апранутыя ў чорнае. Увесь час людзі нечым засмучаныя —  хочацца даць людзям радасці, стварыць нешта, што б рабіла нашае жыццё весялейшым ды прыемнейшым. Гэтым мы і кіруемся ў выбары тавараў або майстар-класаў», —  кажа Аляксей.



Фота: Юля Fox 


Наста Darteco 17:50, 19.12.2012 | Y Business |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.077 seconds.