Адчуй сябе стрыт-арцерам

Стрыт-арт суполка «Сігнал» запрашае на «Дзень актыўнасці» у Музей сучаснага мастацтва.

10 лістапада музей прадставіць ўсім жадаючым атмасферу вулічнага мастацтва. Наведвальнікі самі змогуць адчуць сябе вулічнымі творцамі і размаляваць розныя канструкцыі.

Таксама арганізатары распавядуць пра стрыт-арт і ягоныя тэхнікі (стэнсілы, постэры, графіці, інсталяцыі), пазнаёмяць з найбольш вядомымі беларускімі вулічнымі мастакамі. У гэты ж дзень адбудзецца ўрачыстае закрыццё і ўзнагароджанне пераможцаў праекту «Стрыт-арт утопія». На ім будзе прадстаўленая выстава жывапісных працаў і фота-калажаў конкурсу.

У «Дзень актыўнасці» можна будзе праглядзець лялечную батлейку «Казка чатырох чараўніц» па матывах твора Уладзіміра Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» тэатра «Дом сонца».

Праграма «Дня актыўнасці»

13:00-14:00 Урачыстае ўзнагароджанне і закрыццё праекту «Стрыт-арт утопія». Мастакам прапанавалі памарыць, якім маглі б быць менскія будынкі, калі б тыя рабілі ўнёсак у іх афармленне. Удзельнікі акцыі з дапамогай графічнага рэдактара размяшчалі свае ідэі ў менскай гарадской прасторы;

13.00-15.00 Майстар-клас па вінілавых цацках;

13.00-17.00 Паказ беларускіх і сусветных анімацыйных фільмаў;

14:00-16:00 Кінапаказ і абмеркаванне мастацкага фільму «Выхад праз сувенірную лаўку» аб творчасці самага вядомага ў свеце вулічнага мастака з Англіі Banksy, таксама прагляд кінаметражак пра тэхнікі і накірункі стрыт-арту;

14.00-15.00 Майстар-клас па стварэнні трафарэтнага графіці. Падчас імпрэзы некалькі вулічных мастакоў будуць маляваць у Музеі на спецыяльнай канструкцыі, быццам працуюць на вуліцы. Гледачы таксама змогуць паспрабаваць сябе ў ролі вулічных творцаў;

15:00-17:00 Ролікі акцый вулічных мастакоў Беларусі;

15.00-16.00 Тэатр «Дом сонца». Лялечная батлейка «Казка чатырох чараўніц»;

16.00-17.00 Творчая сустрэча з мастаком Валерам Славуком.

Уваход: 20 000 рублёў. Пачатак у 13:00 у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Менск, пр-т Незалежнасці 47).

16:13, 17/10/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1718 seconds.