Фотаконкурс: Вікі любіць славутасьці

У верасьні гэтага году ў Беларусі пройдзе фатаконкурс «Вікі любіць славутасьці». Конкурс з арыгінальнай назвай Wiki Loves Monuments праводзіцца ў больш як 30 краінах сьвету на ўсіх населеных кантынэнтах плянэты. Мэта конкурсу — захаваць у здымках гісторыка-культурную спадчыну як галоўны сымбаль і сьведчаньне чалавечае дзейнасьці.

Цягам верасьня на конкурс будуць прымацца здымкі аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, пералічаных у Дзяржаўным сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь. Гэта цэрквы і касьцёлы, замкі і палацы, старадаўнія збудаваньні па ўсёй Беларусі — у гарадох і сёлах.

Вашыя здымкі будуць выкарыстаныя ў артыкулах Вікіпэдыі на дзясятках і сотнях моваў, а ў вас асабіста будзе магчымасьць атрымаць адзін з прыемных падарункаў. Акрамя таго, вашыя фатаздымкі будуць мець шанец стаць фіналістам міжнароднага конкурсу Wiki Loves Monuments і выйграць прызы ад міжнародных арганізатараў.

Конкурс «Вікі любіць славутасьці» — выдатная магчымасьць зь лёгкасьцю далучыцца да сям'і ўдзельнікаў Вікіпэдыі. Стаміліся ад выпраўленьня памылак у артыкулах? Хапайце фотаапарат і выходзьце на вуліцу фотаграфаваць уласны горад ці вёску.

Правілаў у конкурсу ня шмат:

  • на фатаздымку мусіць быць выяўлены аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь зь Дзяржаўнага сьпісу;
  • фатаздымак мусіць быць зроблены вамі ўласнаруч, і вамі ж уласнаруч загружаны на конкурс;
  • фатаздымак мусіць быць апублікаваны на ўмовах вольнай ліцэнзіі;
  • фатаздымак мусіць быць загружаны з 1 па 30 верасьня, але можа быць зроблены і раней; фатаграфія, загружаная ў Вікісховішча ці любы іншы разьдзел Вікіпэдыі раней, на конкурс не прымаецца.

Кожны ўдзельнік конкурсу мае права загружаць на конкурс столькі здымкаў, колькі лічыць неабходным. Каб павялічыць свае шанцы на лепшае месца і праход у міжнародны конкурс, арганізатары радзяць не пакідаць на самім здымку надпісаў з апісаньнем ці пазначэньнем аўтарства: вашыя аўтарства і апісаньне будуць аўтаматычна дададзеныя на ўласную старонку кожнага здымку ў Вікісховішчы, і мільёны чытачоў Вікіпэдыі змогуць даведацца пра вас і вашыя цудоўныя працы.

Для ўладальнікаў тэлефонаў з апэрацыйнай сыстэмай Android падрыхтаванае мабільны дадатак, з выкарыстаньнем якога вы зможаце лёгка знайсьці неабходныя аб'екты для фотаграфаваньня. Акрамя таго, вы зможаце зьняць іх на тэлефон і адразу даслаць на конкурс, або знайсьці бясплатны Wi-Fi, каб загрузіць адразу некалькі здымкаў пазьней! Даведацца болей.

Усе падрабязнасьцяў пра ўдзел у конкурсе чытайце на афіцыйным сайце wikilovesmonuments.by/, дзе зьмешчаная ўся неабходная інфармацыя пра тэхнічныя падрабязнасьці ўдзелу ў конкурсе, а таксама сьпісы аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

12:43, 28/08/2012 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0944 seconds.