БДПУ паабяцаў засяліць у інтэрнат кожнага першакурсьніка

Усе іншагароднія першакурсьнікі Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту, што маюць патрэбу ў жыльлі, будуць забясьпечаныя месцам у студэнцкім інтэрнаце. Такім чынам унівэрсытэт спрабуе прывабіць большую колькасьць абітурыентаў.

«Гэта распараджэньне рэктара Пятра Кухарчыка», — паведаміў Interfax.by адказны сакратар прыёмнай камісіі Пэдунівэрсытэту Сяргей Якавенка.

«Пры падачы дакумэнтаў у ВНУ абітурыент павінен паведаміць, што мае патрэбу ў інтэрнаце, — кажа Якавенка. — Як кажа наш кіраўнік, усе студэнты роўныя: як бюджэтнікі, гэтак і платнікі. У незалежнасьці ад таго, на якое аддзяленьне ў 2012 годзе паступіць чалавек, ён атрымае месца ў адным з 7 інтэрнатаў БДПУ».

За 2 дні да заканчэньня прыёму дакумэнтаў на навучаньне за кошт бюджэту на некаторых факультэтах унівэрсытэту існуе проста катастрафічны недабор. У прыватнасьці, на Матэматычным факультэце незанятымі застаюцца 67 бюджэтных месцаў са 135. На Фізычным факультэце незанятыя больш за палова бюджэтных месцаў. Прычым пакуль паступіць за кошт дзяржавы могуць нават тыя абітурыенты, што набралі па трох іспытах у суме 90 з 300 магчымых балаў.

Зрэшты, у БДПУ сытуацыю схільныя параўноўваць зь мінулым годам, калі пляны набору былі вышэйшымі:

«За 2 дні да сканчэньня прыёму дакумэнтаў на навучаньне за кошт сродкаў бюджэту ідзем у межах лічбаў мінулага году», — кажуць у прыёмнай камісіі БДПУ.

Агулам у краіне месцаў у інтэрнатах не хапае прыкладна 60% студэнтам. Прычым у БДПУ у мінулым годзе засялілі толькі кожнага трэцяга першакурсьніка. Хаця тады ўнівэрсытэт меў на адзін інтэрнат болей, чым цяпер.

Зараз у БДПУ 7 будынкаў, дзе жывуць студэнты, у тым ліку адзін зь іх на тысячу месцаў узьведзены ў студэнцкай вёсцы. У мінулым годзе ўсе інтэрнаты маглі прыняць ня болей за 4 тысячы студэнтаў. Цяпер гэта лічба скарацілася да 3 200. Нават з улікам «ушчыльненьня» самага вялікага інтэрнату ў студэнцкай вёсцы, куды паводле апошняй традыцыі дасялілі яшчэ 200 чалавек звыш нормы.

Таму застаецца незразумелым лёс студэнтаў старэйшых курсаў БДПУ: каго зь іх выселяць, каб запясьпечыць месцамі першакурсьнікаў? У гэтым годзе набор ва ўнівэрсытэт троху зьменшыўся, але ня так радыкальна, каб павялічыць лічбу забясьпечанасьці інтэрнатам першакурсьнікаў з 30% да 100% пры скарачэньні на пятую частку вольных месцаў у інтэрнатах.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0659 seconds.