Нацыянальная бібліятэка Свабоды

У «Арт-сядзібе» адсьвяткавалі 10-гадовы юбілей «Бібліятэкі свабоды». Юбілей кніжнай сэрыі «Радыё Свабода» сабраў яе аўтараў, непасрэдных стваральнікаў і вялікую колькасьць гасьцей маладога ўзросту.

У традыцыйным для «Арт-сядзібы» эўрапейскім разьняволеным стылі большая частка прысутных уселася проста на падлозе. Камусьці аднак не хапіла месца і яны вымушаныя былі стаяць пры ўваходзе, прамоўцы ж выступалі адразу сярод моладзі. Абмежаваная прастора дадала імпрэзе ўтульнай сяброўскай атмасфэры.

«Гаворыць Радыё Свабода. Але ня толькі гаворыць, а яшчэ і друкуе», —

адкрыў сустрэчу Вячаслаў Ракіцкі — журналіст, вядучы «Радыё свабоды», аўтар кніг «Беларуская Атлянтыда» і «Сто адрасоў свабоды».

«Вельмі добра, што ў нас ёсьць такія месцы. Можна быць упэўненымі, што нас не загоняць у культурнае гетта, спадзяюся мы будзем і далей ствараць такія творчыя кропкі», — пахваліў «Арт-сядзібу» спадар Ракіцкі.

Цягам вечару выказваліся Аляксандар Лукашук, Уладзімер Арлоў, Пётра Садоўскі, Ягор Маёрчык, мастак Генадзь Мацур Лявон Вольскі ды іншыя вядомыя і паважаныя асобы.

Пётр Садоўскі, аўтар кнігі зь цікавай назвай «Шыбалет», выступ не плянаваў і ці ледзь атрымалася выцягнуць яго з натоўпу, каб пачуць некалькі слоў, таму ўсё адбылося ў выглядзе імправізацыі, вельмі пасьпяховай і пазытыўнай, якая добра павесяліла слухачоў.

«Ой, ну пра што казаць, можа вам хіба песьню сьпець?»

Песьня ў выніку была, праўда на нямецкай мове.

«Я думаў, што гэта сабакі, гляджу кусты варушацца, выбягаюць адтуль нейкія сабакі, нюх-нюх мяне, карацей абсікалі мяне ваўкі. А я ж та ня ведаў, прыходжу ў школу сьмярдзючы-сьмярдзючы. Тэхнічка пытае: "Пецька, ты чаму такі сьмярдзючы, дзе ты валяўся?", я кажу, што так і так сабакі зрабілі, а яна: Дык гэта ж не сабакі, а ваўкі, бо толькі ад ваўкоў так сьмердзіць". Не, ну кніга, у якой гэта апісваецца, вельмі сур'ёзная, праўда», — пасьмяшыў аўдыторыю рэальнай гісторыяй з адной з кніг Пётра Садоўскі.

Вячаслаў Ракіцкі паспрабаваў вярнуць залю да сур'ёзнай тэмы зь яго кнігі «Беларуская атлянтыда»:

«Мы патанулі ў акупацыйнай расейскай культуры, мы размаўляем на расейскай мове, штодня нас апрацоўваюць FM-станцыі, ідзе абсалютная папулярызацыя і акупацыя расейскай культуры і супрацьстаяць ёй можна толькі пры дапамозе нашай беларускай ідэнтычнасьці, нашых гістарычных звычаяў, нораваў і тэкстаў. Ну й безумоўна я не магу абмінуць тэму сэксу, усе пішуць пра сэкс, ён таксама павінен быць беларускім. Мы ўсе павінны шукаць нашу беларускую атлянтыду».

Паэтам-імправізатарам ў часе імпрэзы прапаноўвалі напісаць верш на тэму свабоды. Яны знайшліся і атрымалі ў якасьці падарункаў кнігі зь «Бібліятэкі Свабоды».

Вечар завершыўся выступам Лявона Вольскага зь песьнямі з «Народнага альбому» і праекта на Радыё Свабода «Саўка і Грышка».

«Гэта пляцоўка зусім новая, але ж за час свайго існаваньня яна заваявала давер. Тут зьбіраецца таленавітая моладзь і натуральна, што Радыё Свабода глядзіць на моладзевую аўдыторыю, бо мы хочам пашырыць нашу творчасьць і сярод моладзі. І акурат "Арт-сядзіба" — гэта тое месца, дзе можа адбыцца такі кантакт. І ён адбыўся. Моладзь — удзячны слухач. Увогуле, я лічу, што за ёй будучыня. Мы здабылі незалежнасьць, магчыма шмат чаго не зрабілі. Але ж зараз усё ў руках маладых», — распавёў свае ўражаньні для Generation.by Вячаслаў Ракіцкі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0649 seconds.