Несанкцыянаваны аншляг украінскага пісьменьніка ў Менску

На два дні кнігарня ЛогвінаЎ зрабілася месцам распаўсюду сучаснага ўкраінскага (а, дакладней, жаданаўскага) постмадэрнізму. Украінскі журналіст і пісьменьнік Сяргей Жадан, кнігі якога абавязаныя мець усе школьныя бібліятэкі, зладзіў дзьве сустрэчы зь беларускімі чытачамі запар, на першай зь якіх быў сапраўдны аншляг, які месцамі нагадваў несанкцыянаванае мерапрыемства.

Вялікі натоўп людзей, якія, вядома, не зьмясьціліся б ні ў галерэі, ні тым больш у кнігарні, месьціўся ў дворыку ля кніжнай крамы. Процьма чытачоў з кніжкамі Жадана на беларускай, расейскай і нават на мове арыгінала хутчэй нагадвалі мітынг ці іншае несанкцыянаванае мерапрыемства, але ніяк не наведвальнікаў літаратурнай імпрэзы. Зрэшты, мерапрыемства магло і не адбыцца: адзін з прысутных (пэўна, адчуўшы дух нечага несанкцыянаванага) схапіў мікрафон і пачаў мармытаць сабе пра затрыманых і заклікаць кудысьці ці то ісьці ці то званіць. Арт-дырэктар кнігарні Павал Касьцюкевіч хутка спыніў правакацыю, выхапіўшы мікрафон. Балазе ніхто з ахоўнікаў правапарадку (якія, дарэчы, былі непадалёку) не парушыў сьвята сучаснай украінскай літаратуры.

Нарэшце зьявілася і сама зорка вечару — Сяргей Жадан у суправаджэньні беларускіх літаратараў. Цяжка ўявіць у Беларусі пісьменьніка, кандыдата філялягічных навук, выкладчыка ўнівэрсытэту ў простых кедах ды цішотцы з выявай Лэдзі Гагі. А менавіта такім паўстаў спадар Жадан перад беларускай публікай. Сяргей прэзэнтаваў 29 траўня кнігу «Anarchy in the UKR», якую пераклаў на беларускую Алег Жлутка. Аўтар доўга чытаў іранічныя правакацыйныя вершы ў арыгінале. Да яго далучаліся і чыталі пераклады розных гадоў ягоныя шматлікія беларускія перакладчыкі: Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Марыя Пушкіна і іншыя.

Як адзначыў паэт і старшыня беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч, шмат беларускіх паэтаў пачынаюць свой творчы шлях зь перакладаў вершаў Сяргея Жадана. Сам украінскі аўтар таксама перакладае беларускую літаратуру на ўкраінскую, збольшага Андрэя Хадановіча, і з задавальненьнем чытае астатніх беларускіх аўтараў: Вальжыну Морт, Марыйку Мартысевіч, Альгерда Бахарэвіча, Уладзіміра Арлова, Артура Клінава, Віталя Рыжкова.

Украінская зорка наагул мае даўнія сувязі зь Беларусьсю.

«Упершыню я патрапіў у Беларусь у 1994 годзе. У Наваполацку тады быў фэстываль, і Алесь Аркуш запрасіў мяне ды  іншых украінскіх пісьменьнікаў. А потым у 2000-м ужо я запрасіў у Харкаў беларускіх літаратараў, сярод якіх быў і Андрэй Хадановіч. З гэтага і пачалося нашае сяброўства і пераклады».

Сяргей Жадан (нар.1974) — украінскі паэт, пісьменьнік, эсэіст, перакладчык, віцэ-прэзыдэнт Украінскай асацыяцыі пісьменьнікаў. Перакладаўся на 13 моваў сьвету, двойчы атрымліваў прэмію «Кніга году» ад BBC (за «Капітал», 2007 і «Варашылаўград», 2010). Кніга «Anarchy in the UKR» атрымала званьне «Кнігі году» на Маскоўскім кніжным кірмашы. Выступае таксама разам з харкаўскім рок-гуртам «Сабакі ў космасе». Аўтар кніг «Гімн дэмакратычнай моладзі», «Дэпеш мод», «Біг Маг» і інш.

«Сука, це не твій президент!»

У творчасьці Жадана багата нецэнзурных словаў, нестандартных параўнаньняў, трапных мэтафараў, якія Хадановіч акрэсьліў як «выбуханебясьпечныя». І беларускі паэт бясспрэчна мае рацыю, бо дворык ля кнігарні Логвінаў у аўторкавы вечар літаральна выбухаў, цягам усёй імпрэзы чуліся і зацяты сьмех, і непрыхаваны рогат, і гучныя аплядысмэнты.

«Anarchy in the UKR» распавядае збольшага пра падзеі аранжавай рэвалюцыі 2004 году. Дзіва што! Падчас рэвалюцыі Сяргей сам быў камэндантам намётавага мястэчку ў Харкаве. Жадан сьмела піша на сацыяльна значныя тэмы: і пра браткоў 90-х, і ўцэлым пра 90-я, якія, на думку Сяргея, вяртаюцца ва Ўкраіну, і пра прыгоды футбольных фанатаў. Закранае ён і палітычныя тэмы.

«Демократія ссучилась, парламент ссучився! президент — сука, це не твій президент! праві, губернатор, кандидат — сууууууууки!!! які петиції??? які профспілки??? яке відродження??? суки!!!!!!!!!!!І спробуй після всього цього не продатися», — гучна прамаўляе Жадан свой урывак з «Anarchy in the UKR».

У школьных бібліятэках

На другі дзень сустрэчы сабралася хоць і меней людзей, але тыя, хто прыйшоў, засталіся адназначна задаволеныя. І гэта ня дзіўна: Жадан распавядаў цікавыя гісторыі з жыцьця, чытаў апавяданьне «Дынама-Харкаў» і потым па просьбе чытачоў дэклямаваў свае вершы разам з Хадановічам.

Украінскі постмадэрніст аднолькава добра піша і прозу, і вершы, зь пісаньня якіх ён пачынаў сваю літаратурную кар’еру.

«Я спачатку пісаў вершы. Але потым зразумеў, што тое, што я хачу выказаць, не падпадае пад фармат вершаў».

Жадан зрабіўся настолькі пасьпяховым на сваёй радзіме, што ягоны зборнік вершаў мусіць быць у кожнай школьнай бібліятэцы. Аднак мэр аднаго з украінскіх гарадоў прачытаў тыя вершы і цяпер патрабуе, каб іх выключылі з дадзенай праграмы, з чым сам аўтар пагаджаецца.

«Не павінныя школьнікі такое чытаць, не для іх гэта», — кажа Жадан.

Да болі крыўдна і зайздросна глядзець напрыканцы абедзьвюх імпрэзаў на доўгія чэргі з чытачоў, якія чакаюць на подпіс аўтара. Ці то беларускім аўтарам не стае злабадзённасьці тэкстаў ці то банальнай рэклямы — невядома. Аднак сустрэчы з Жаданам пацьвердзілі: чытачоў сучаснай літаратуры ў Менску шмат, а, значыць, патэнцыял і шанцы ў нашых яшчэ ёсьць.

Больш здымкаў з сустрэчы з зоркай украінскай літаратуры

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.053 seconds.