У суботу ў Менску ўзнагародзяць лепшых прэс-фатографаў 2012

Цырымонія ўзнагароджаньня аўтараў лепшых беларускіх здымкаў 2011 года пройдзе 26 траўня ў менскай Галерэі «Ў».

Гран-пры конкурсу пераможца атрымае з рук пастаяннага сябра журы конкурсу «Прэс-фота Беларусі», кіраўніка маскоўскага бюро «Associated Press», ляўрэата Пулітцэраўскай прэміі Аляксандра Зямлянічэнкі. Вядучым цырымоніі будзе Лявон Вольскі, які пасьля ўзнагароджаньня ўдзельнікаў дасьць невялікі канцэрт.

Belarus pressphoto 2012

Выстава работ пераможцаў конкурсу будзе даступная два дні, 26 траўня з 12.00 да 22.00 і 27 траўня з 14.00 да 22.00. Упершыню ў гісторыі конкурсу будуць дэманстравацца ўсе здымкі-пераможцы — а іх у гэтым годзе каля 280.

У межах праекта «Прэс-фота Беларусі — 2012» пройдуць таксама 2 творчыя сустрэчы:

27 траўня, з 11.00 да 14.00 — сустрэча фотарэпарцёраў з Аляксандрам Землянічэнкам (уваход па папярэднім запісе, +375296868333, Юля).

27 мая, з 14.00 да 15.00 — сустрэча аматараў прэс-фатаграфіі зь пераможцамі «Прэс-фота Беларусі». Свой удзел пацьвердзілі Натальля Аблажэй (БЕЛТА), Аляксандар Васюковіч, Сяргей Грыц (Associated Press), Сяргей Гудзілін (Наша Ніва), Тацьцяна Зяньковіч (ЕРА), Васіль Фядосенка (Reuters). Уваход вольны.

Конкурс «Прэс-фота Беларусі» ладзіцца трэці год. Яго ўдзельнікамі зьяўляюцца айчынныя фатографы, якія супрацоўнічаюць са СМІ. У 2012 годзе аргкамітэт атрымаў заяўкі ад 90 удзельнікаў, якія даслалі больш за 2500 здымкаў для ўдзелу ў конкурсе.

Журы конкурсу, у якое ўваходзяць вядомыя айчынныя і замежныя фатографы і фотарэдактары, вызначыла пераможцаў у наступных намінацыях: «Навіны», «Людзі ў навінах», «Спорт», «Паўсядзённае жыцьцё», «Партрэт», «Мастацтва і забавы», «Прырода», «Народныя традыцыі». Ацэньваліся як адзінкавыя здымкі, так і сэрыі фатаграфій.

17:41, 24/05/2012 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.