Глеб Лабадзенка малюе кнігу пра моўныя памылкі

Малады журналіст і паэт Глеб Лабадзенка цяпер яшчэ і малюе. Праўда, у мастакі падавацца не зьбіраецца, а свае малюнкі называе дзіцячымі і прымітыўнымі. Менавіта простымі і вясёлымі выявамі Глеб узяўся візуалізаваць распаўсюджаныя складанасьці ў беларускай мове: як не паблытаць гаспадарку і гаспадыню, канапу і дыван, сябе і сабе. Ідэя, якая нарадзілася з простай моўнай схемкі «для чытаньня ў прыбіральні», плянуе вырасьці ў цэлую кнігу з 100 малюнкамі.

«Жонка сказала мне: слухай, увесь час блытаю "цяпер" і "зараз". Намалюй мне — я ў прыбіральні павешу і буду запамінаць, — распавядае Generation.by падрабязнасьці нараджэньня ідэі Глеб Лабадзенка. — Я намаляваў схемаю ды вывесіў у блог — думаю, хай і іншыя ў туалеце запамінаюць. А потым іншы чалавек кажа: а я блытаю "сябе" і "сабе". Я падумаў: ух, схемаю ўжо не патлумачыш, трэба, значыць, намаляваць. Намаляваў, вывесіў — і пасыпаліся сацыяльныя замовы».

«Дзіцячая заМова» — так назваў свой маляваны праект Глеб. І ўжо апублікаваў у блогу 4 малюнкі на распаўсюджаныя памылкі. Цяпер малады творца зьбірае замовы на новыя ілюстрацыі праз блог і свае акаўнты ў сацыяльных сетках.


Хутка Глеб Лабадзенка будзе ня толькі чытаць свае вершы на культ.імпрэзах, а й паказваць малюнкі


Як адрозьніць стул — крэсла — фатэль


Дыван і канапа


Гаспадарка і гаспадыня


Любіць сябе і набываць сабе

За прымітыўнасьць малюнкаў Лабадзенка зусім не пераймаецца. Больш таго, у гэтым і задума — проста і весела паказаць складаныя моўныя моманты. Кожны можа па-свойму перамаляваць малюнак свайму сябру ці дзіцяці, а яшчэ расфарбоўваць можна.

Амбітны Глеб далёка глядзіць на пэрспэктыву. Тое, што пачыналася з простай схемы «для чытаньня ў прыбіральні», цяпер бачыцца як цэлая кніга з 100 малюнкамі на тэму моўных падводных камянёў.

«Буду маляваць усё лета, а кніжку зраблю да 1 верасьня! — зь імпэтам плянуе час Лабадзенка. — Для ўсіх будзе цікава, бо нават белмоўныя людзі часта робяць памылкі! Рэдагую шмат тэкстаў і сустракаю адныя і тыя банальныя памылкі, якія я і сабраўся выкараняць :)»

Мяркуецца, што папяровае выданьне можна будзе замовіць празь Сеціва, а таксама Глеб арыентуецца на кнігарні.

«Я так вырашыў мову папулярызаваць. Беларуская мова — як сэкс. Тут многа цікавостак, пра якія людзі саромеюцца пытацца, бо "ну як жа гэта ня ведаць". Пра гэта — малюнкі!»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1993 seconds.