Рэдактар расейскай літаратуры напісаў кнігу-правакацыю па-беларуску

«Я зарабляю грошы на выпуску бульварнай расейшчыны, а трачу іх на тое, каб выдаваць беларускамоўныя кнігі ў прыватным выдавецтве», — кажа пісьменьнік Уладзіслаў Ахроменка. Яго першы раман «Тэорыя змовы» пра нялёгкі лёс разьмеркаванага ў жудасную правінцыю адраджэнца выйшаў некалькі месяцаў таму, але цяпер быў нарэшце прэзэнтаваны ў Менску.


Аксана Спрынчан і Ўладзіслаў Ахроменка ў час прэзэнтацыі «Тэорыі змовы»

«Ідэальная Беларусь — аб якой мы ўсе марым. Але ня варта будаваць паветраных замкаў — а трэба пачаць зь сябе», — кажа Ўладзіслаў Ахроменка, аўтар некалькіх кніг, напісаных па-беларуску і ў сааўтарстве зь сябрам. Улетку ў яго выйшаў першы «сольны» раман — «Тэорыя змовы», які іншыя літаратары характарызуюць як правакатыўны, а аўтара параўноўваюць з рэжысёрам Квэнцінам Таранціна. Беларускі Таранціна, пачуўшы такое параўнаньне, асабліва не чырванее і выдае рэцэпт, як гэта, «пачаць зь сябе».

Па словах Ахроменкі, пісаць па-беларуску дзеля грошай ня мае сэнсу, бо літаратурай іх не заробіш. Дзеля славы — таксама ня мае сэнсу. «Друкаванае слова цяпер ня мае такога аўтарытэту», — кажа пісьменьнік і выдае рэцэпт посьпеху: «Пішу для сябе».

Ахроменка працуе «на псэўдалітаратурным канвэеры» — беларускамоўныя літаратары («іншых не бярэм») седзячы у Менску вырабляюць расейскамоўную літаратуру. Сам ён з Украіны праз літаратурную агенцыю каардынуе іх дзейнасьць, а гатовыя тэксты пастаўляюцца буйному маскоўскаму выдавецтву.

«Трэцюю частку кніг адной з рэдакцыі маскоўскае выдавецтва ЭКСМО робяць беларускамоўныя менчукі». Па словах Ахромчанкі, за год гэта выдавецтва выдае 80 мільёнаў асобнікаў пры насельніцтве Расеі ў 140 мільёнаў чалавек.

«Прабачце, я не Багушэвіч — у мяне няма ўласнага маёнтку. І бананы на вуліцы я прадаваць не магу. Лепей займацца тым, што найлепш умею. Але за грошы, заробленыя на бульварнай расейшчыне, я іду і выдаю кніжку па-беларуску ў прыватным выдавецтве».

Нехта ў залі, застаўленай кніжкамі гэтага і іншых беларускіх прыватных выдавецтваў, дзе адбываецца прэзэнтацыя той самай «кніжкі па-беларуску» заўважае, што таксама ня супраць далучыцца да войска беларускамоўных літаратурных рабоў, як іх часта называюць за вочы. «У нас вельмі строгі адбор», — бязь ценю сумневу кажа Ахроменка.

Але Ахроменка ня мае вялікіх ілюзій аб пэрспэктывах беларускамоўнай літаратуры на радзіме ўдзельнікаў гэтага своеасаблівага бульварнага аўтсорсынгу:

«Недзе 4–5 тысяч асобнікаў могуць быць прададзеныя ў Менску. Але для гэтага мусіць быць прамоўшан, якога няма, мусіць быць сетка распаўсюду, а ня гэта пачварная Белкніга, і сетка фірмовых кнігарняў. У гэта трэба ўкладаць грошы і шмат часу, сілаў і спэцыялістаў.

Але ў нас ніхто прафэсійна такіх спэцыялістаў не рыхтуе. Ёсьць аўтар, ёсьць чытач, а паміж імі мусіць быць пераводнік, а ў нас ёсьць толькі асобныя болцікі-вінцікі», — кажа пісьменьнік, трымаючы ў руках кнігу, што на ўласныя грошы выдаў накладам у 300 асобнікаў.

Пра што раман?

Выпускнік сталічнай ВНУ па імені Скіргайла — натхнёны паэт, высокародны адраджэнец і малады спэцыяліст — трапляе па разьмеркаваньні ў Таргачоў — тыповы райцэнтар сінявокай. Скіргайлавы рамантычныя парывы сустракаюць татальнае непаразуменьне з боку простых таргачоўцаў, раённай улады, а таксама кантынгенту расійскай ракетнай базы «Волга-Волга», што стаіць у Таргачове. На шчасьце, маладзёну выпадае ўнікальны шанец выправіцца ў мінулае — і кардынальным чынам зьмяніць лёс Радзімы. Патрабуецца для гэтага ўсяго нічога — прадаць душу д’яблу…

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0619 seconds.