Толькі кожны чацьвёрты першакурсьнік дзённага будзе вучыцца бясплатна

Сканчэньне ўступнай кампаніі Міністэрства адукацыі адзначыла пачаткам новай рэформы адукацыі. Таму цяперашнія першакурсьнікі, якіх на 3 тысячы меней, чым у мінулым годзе, могуць вучыцца ня так доўга, як разьлічвалі.


Сяргей Маскевіч рыхтуе новую адукацыйную рэформу. Фота БелТА

Міністэрства адукацыі павяла вынікі ўступнай кампаніі: студэнтамі ВНУ сталі каля 90 тысячаў чалавек, што на 3.2 тысячы меней, чым у 2010-м. Зь іх толькі 27% будуць вучыцца на дзённым бясплатным аддзяленьні.

Не знайшлося жадаючых вучыцца на 134 бюджэтных месцах, а агульны конкурс склаў 1.9 чалавека на месца, перадае БелТА.

Зрэшты, тыя, хто вучыцца згадзіліся, ужо ў хуткім часе могуць апынуцца ў зусім іншых адукацыйных умовах. Намесьнік міністра адукацыі Беларусі Казімір Фарыно заявіў сёньня, што тэрміны навучаньня ва ўнівэрсытэтах будуць зьмененыя:

«На многіх спэцыяльнасьцях, дзе гэта запатрабавана, будуць аптымізаваныя тэрміны навучаньня, — сказаў Казімір Фарыно. — А з 1 верасьня пойдзе адпрацоўка стандартаў навучальных праграм».

Скараціць працягласьць навучаньня на некаторых спэцыяльнасьцях, каб студэнты змаглі болей часу правесьці «на палях», прапанаваў прэзыдэнт Лукашэнка. Таксама ён назваў праграмы, па якім вучацца студэнты, «старымі».

Міністар адукацыі Маскевічы адразу ж абвясьціў аб жаданьні цалкам перарабіць навучальныя праграмы, найперш на тэхнічных спэцыяльнасьцях:

«Калі атрымаецца, думаю, да наступнага году па многіх спэцыяльнасьцях тэхнічнага профілю ў ВНУ будуць прымяняцца абсалютна іншыя адукацыйныя мадэлі падрыхтоўкі спэцыяліста», — заявіў Маскевіч у інтэрвію БелТА.

Дарэчы, міністар катэгарычна адмаўляецца называць працэсы, якія цяпер адбываюцца ў беларускай адукацыі, «рэформай», замяняючы яго на менш негатыўную «аптымізацыю». Але сэнс ад гэтага наўрад ці зьмяняецца.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0687 seconds.