Пераможная выстава галерэі «Ў» адчынілася ў Менску

Галерэя «Ў» вярнулася з міжнароднага кірмашу Art Vilnius з перамогай. Экспазыцыя «Яна ня можа сказаць НЕБА» адзначаная лепшай сярод прадстаўленых замежных галерэй. А іх там было не некалькі, а амаль сотня галерэй з 17 краін розных кантынэнтаў. Учора «пераможная» выстава адчынілася ў Менску. З шампанскім і аплядысмэнтамі.

У сярэдзіне ліпеня 2011 года ў Вільні прайшоў другі міжнародны кірмаш сучаснага мастацтва ART VILNIUS`11, адмыслова да якога галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» быў падрыхтаваны праект «Яна ня можа сказаць НЕБА».

У межах экспазыцыі прадстаўленыя працы 12 мастакоў зь Беларусі. Працы ў розных стылях, формах, рознага часу. Карацей, без анатацыі не разабрацца. Тэма ўсёй выставы — унутраная міграцыя мастака.

«У Беларусі сёньня склалася палітычная сытуацыя, якая нагадвае ўмовы варожай акупацыі, калі ўсе агульнапрынятыя чалавечыя свабоды аказваюцца пад пагрозай, у хісткім стане. У такіх умовах мастакі як надзвычай успрымальная частка грамадзтва вымушаныя выбіраць асабістыя стратэгіі творчага выжываньня: іронія, крытыка альбо поўнае ігнараваньне наяўнай сытуацыі», — тлумачаць куратары выставы.

Малюнкі, эскізы, фотаінсталяцыі, мініскульптуры, тэксты і нават дакуманты — працы адлюстроўваюць глыбока асабістыя праблемы мастакоў.

У Вільні праект пабачыла шмат гасьцей, сярод якіх прэзыдэнт і прэм’ер-міністар Літвы, куратары прэстыжных замежных цэнтраў мастацтва, мастакі.

«Для нас вельмі важна атрымаць адказ ад менскай публікі, ад мастацтвазнаўцаў і гасьцей выставы», — адзначыла ўчора на адкрыцьці арт-дырэктарка галерэі Валянціна Кісялёва, падняўшы келіх шампанскага за першую ў гісторыі «Ў» міжнародную перамогу.

Экспазыцыя даступная ў памяшканьні галерэі па 12 жніўня 2011. Кніга водгукаў даступная штодня.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0757 seconds.