Караткевіч ізноў перамог у міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы

Гомельскі дзесяціклясьнік трэці год запар перамогае на міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы. Сёлета ў Тайландзе ён абышоў кітайца, рускага і бразільца. Перамога Генадзя Караткевіча стала ўнікальнай у гісторыі міжнароднай алімпіяды — дагэтуль ніхто нябыў абсалютным пераможцам IOI болей за два разы.

Генадзь Караткевіч скончыў 10 клясаў гімназіі ў Гомелі. Прызёрам рэспубліканскай алімпіяды ён стаў у другой клясе. У 11 гадоў хлопец упершыню ўдзельнічаў у спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню. Тады, на алімпіядзе ў Мэксыцы, ён заваяваў срэбра. У 2010 у Канадзе і ў 2009 Генадзь стаў абсалютным пераможцам IOI. Беларускі вундэркінд стаў самым юным пераможцам за ўсю шматгадовую гісторыю спаборніцтваў.

Сёлета Караткевіч з Гомеля — самы дасьведчаны ўдзельнік алімпіяды — для яго гэта шостая Міжнародная алімпіяда па інфарматыцы. Пры гэтым яго перамогі не абмяжоўваюцца школьным узроўнем — хлопец пасьпяхова выступае ў адкрытых і студэнцкіх спаборніцтвах па праграмаваньні.

Астатнія беларускія ўдзельнікі алімпіяды таксама прадстаўляюць Гомельскую вобласьць — дзесяцікляснік Адам Бардашэвіч (Мазыр), дзевяціклясьнікі Сяргей Кулік (Мазыр) і Ўладзіслаў Падцелкін (Гомель) — заваявалі срэбныя мэдалі.

Усе ўдзельнікі беларускай каманды могуць выступаць на IOI яшчэ як мінімум адзін год. Такім чынам у наступным годзе можна чакаць ад зборнай Беларусі яшчэ больш высокага выніку.

vojur 13:24, 29/07/2011 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0951 seconds.