Галерэя «Ў»: «Хочацца на нашых вуліцах бачыць крышачку сьмецьця і стрыт-культуру»

Менская галерэя «Ў» у 2010 годзе столькі замежных мастакоў запрасіла, колькі ніхто сюды не запрашаў. Арт-дырэктаркі Ганна Чыстасердава і Валянціна Кісялёва распавядаюць, што стварыць гэтую пляцоўку было надзіва проста і пра тое, колькі год шукалася месца пад яе, хто дапамагаў у дызайне Галерэі, чаго не хапае беларускім мастакам і як беларускі бізнэс упадабаў актуальнае мастацтва.

«Нас як быццам Бог вёў!»

Усё пачалося з крамы «Падземка», дзе з 2003 года Валянціна Кісялёва была арт-дырэктаркай і займалася вопраткай — модным піцерскім брэндам Extra. Але ж вопратка неверагодна нудотным заняткам апынулася. Валянціна задумвалася пра перамены.

Ганна Чыстасердава: «А я вучылася на фінансіста, атрымала вышэйшую адукацыю. Ішла неяк па праспэкце, нікога не чапала, дай думаю зайду ў „Падземку“. Мы селі з Валянцінай размаўляць за кавай. Мне хацелася краму зрабіць з рознымі дызайнэрскімі рэчамі, ну, і Валянціна ад сваёй вопраткі стамілася ўжо. І мы ў якасьці экспэрымэнта вырашылі вызваліць адну залю ад вопраткі ды выставіць там скульптуру, фатаграфію і іншае».

Так «Падземка» стала ня толькі фірмовай крамай моладзевага піцерскага брэнда вопраткі, але й нефармальнай галерэяй, дзе выстаўляюцца маладыя мастакі ды розныя стылёвыя дызайнэрскія штукі прадаюцца. Далей захацелася большага — нейкага аналягу паўнавартаснага цэнтру сучаснага мастацтва.

Зь якімі цяжкасьцямі сутыкнуліся, калі стваралі галерэю «Ў»?

Валянціна Кісялёва.: «Магчыма, цяжкасьці і былі, але зараз падаецца, што іх зусім не было! Нас як быццам бы Бог вёў!»

Ганна: «Толькі месца шукалі гады два, ідэя рабіць „Ў“ зьявілася ўжо ў 2007 годзе. Мы адразу зразумелі, што гэта наша памяшканьне, але як зь яго зрабіць галерэю, не разумелі. Нам вельмі дапамаглі нашыя сябры зь Літвы наконт нейкіх дызайнэрскіх рашэньняў. Людзі, якія прыяжджаюць у Менск і з намі незнаёмыя нават, кажуць, што ім падабаецца. Значыць, усё ж атрымалася! А яшчэ ў нас цудоўная каманда!»

Беларускі бізнэс упадабаў актуальнае мастацтва

Ёсьць адчуваньне, што беларускае грамадзтва даволі інэртнае і кансэрватыўнае… Наколькі запатрабаванае ў нас актуальнае мастацтва?

Валянціна: «Ёсьць такая формула: попыт нараджае прапанову. У Беларусі ўсё наадварот».

Ганна: «Гэта месца зусім не інэртнае! Магчыма, дагэтуль проста не было такой пляцоўкі, дзе з ранку да ночы могуць у адным месцы сутыкацца і нешта рабіць і літаратары, і філёзафы, і навукоўцы, і мастакі, і фатографы, і музыкі. Тут зьбіраюцца актыўныя людзі. Вельмі прыемна, што гэта і моладзь, і людзі сталага ўзросту. Ёсьць у нас група жанчын- пэнсіянэрак, яны прыходзяць на кожную нашу выставу, просяць пакінуць камэнтар. Галерэя „Ў“ — гэта ня толькі моладзевае месца».

А ці ёсьць пакупнікі актуальнага мастацтва?

Ганна: «Калі гэта характарызаваць як бізнэс, гэта не бізнэс, а добрае хобі. На продаж актуальнага мастацтва ў Беларусі жыць немагчыма. Але каб нешта зьмянілася, трэба, каб такіх галерэй, як наша, у Менску было дзесяць і ў астатніх гарадах па адной, па дзьве. Тое, што большасьць праектаў на нашай пляцоўцы падтрыманыя беларускім бізнэсам, гэта ўжо даволі добрая справа. Хачу ад усіх нас падзякаваць усім гэтым людзям!»

Даволі вядомыя беларускія актуальныя мастакі Міхаіл Гулін і Антаніна Слабодчыкава шчасьлівыя, што ў Беларусі ёсьць галерэя «Ў». Бо ў іншых месцах знайсьці рэалізацыю актуальнаму мастаку цяжка…

Валянціна: «Так, гэта праўда. Ні ў Тоні, ні ў Мішы яшчэ ні разу не было пэрсанальнай выставы ў Беларусі, была толькі іх сумесная выстава ў „Падземцы“. І вось у гэтым годзе будуць іх пэрсанальныя выставы ў нас. Яны ўнікальны мастакі! У Мішы выдатнае пачуцьцё гумару! Усе яго праекты ня проста сьмешныя, а яшчэ й глыбокія».

Вострая сацыяльнасьць эўрапейскага мастацтва

Якія імёны падчас існаваньня «Ў» вы для сябе адкрылі?

Валянціна: «Бясконцая колькасьць імёнаў! Усе мастакі, зь якімі працуем, адкрыцьцё для нас. Кірушчанка, тая ж сямейная пара Тоня Слабодчыкава і Міша Гулін, Лёша Лунёў».

Ганна: «Сярожа Шабохін. Магу сказаць, што ён стаў знакаміты пасьля акцыі „Беларускі павільён 53 Вэнэцыянскай біенале“ і пасьля таго, як мы далі яму магчымасьць ладзіць куратарскія праекты ў нашай галерэі».

Вы кантактуеце з замежнымі мастакамі. Чым ад іх беларусы адрозьніваюцца?

Ганна: «Эўрапейцы больш працуюць з сучаснымі мэдыя. На жаль, у Беларусі гэтага зусім мала. А тыя беларусы, якія працуюць у гэтай галіне, жывуць за мяжой».

Валянціна: «Амаль усе замежныя мастакі, якія у нас былі, раскрывалі нейкія вострыя сацыяльныя тэмы. Бывае, экалягічныя. Ці дзяўчынкі са Швэцыі прадстаўлялі тэму сацыяльных меншасьцяў і іх адаптацыі. Нашыя мастакі не раскрываюць такія тэмы».

Ганна: «Магчыма, гэта тое, чаго не хапае беларускаму мастацтву — магчымасьці ўзьдзейнічаць на сацыяльныя рашэньні. А яшчэ хочацца на нашых вуліцах бачыць крышачку сьмецьця і стрыт-культуру. Ёсьць, напрыклад, такі мастак — Андрэй Бусел, які стрыт-артам займаецца. Паспрабуем у рамках галерэі зрабіць яму выставу: фотаздымкі тых аб’ектаў, якія ён зрабіў».

У пошуку маладых мастакоў і арт-крытыкаў

Адзін з напрамкаў вашай дзейнасьці — стварэньне ўмоваў для крытыка-аналітычнага асяродку.

Валянціна: «Так. Напрыклад, мы бралі ўдзел у арганізацыі конкурса „На шляху на сучаснага музэя 2011. Конкурс маладых арт-крытыкаў і мастацтвазнаўцаў“. Мы абвяшчаем, што зьяўляемся той пляцоўкай, якая гатовая акумуляваць вакол сябе гэтых людзей. Але іх невялікі слой у Беларусі: Вольга Шпарага, хаця яна і філёзаф па адукацыі, але арт-прастора яе таксама вельмі цікавіць. Алеся Белявец з часопісу „Мастацтва“. Супрацоўнічаем з ЭГУ, дзе вучацца пачынаючыя мастацтвазнаўцы. Мы гатовыя разглядаць іх тэксты, дапамагаць адаптавацца».

Чаго чакаць ад галерэі «Ў»?

Ганна: «Зараз мы ладзім разам з кампаніяй „Velcom“ на чале з куратарам Сяргеем Шабохіным праграму „Smart Art“ — пошук і падтрымка маладых мастакоў. Зьбіраем партфоліо, журы абярэ шэсьць ці сем чалавек, якія будуць прадстаўляць свае прэзэнтацыі. І лепшыя зь іх па вырашэньні экспэртнай рады зробяць свой праект на вялікай пляцоўцы».

Валянціна: «Амаль цэлы год мы выдзелілі беларускім мастакам. У нас зусім няшмат у гэтым годзе міжнародных праектаў».

Ганна: «Нашы італійскія партнэры кожны год арганізуюць сустрэчу мэдыя-артыстаў з усяго сьвету. У гэтым годзе спачатку ў траўні сустрэча будзе праходзіць у Рыме, а потым у Менску. Як плянуюць нашы партнэры, у Менск зьедзецца больш за сотню мэдыя-артыстаў. Я, вядома, не ўяўляю такой колькасьці!)) Будуць воркшопы, прэзэнтацыі і майстарклясы, дзе артысты будуць дзяліцца досьведам. Акрамя прафэсійных сустрэч, хацелі б нешта зрабіць і для шырокага кола. Магчыма, будзе мэдыявыстава».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0663 seconds.