Што найбольш хвалюе абітурыентаў ЭГУ
Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт традыцыйна ладзіць вясеньнія дні адчыненых дзьвярэй, у межах якіх абітурыентам і іх бацькам надаецца магчымасьць наведаць Вільню дзеля знаёмства з унівэрсытэтам. Чарговыя дні прайшлі ў мінулыя выходныя.
Абітурыенты слухаюць найвышэйшае кіраўніцтва ЭГУ: дэкана бакалаўрскай школы Мінянкова, рэктара акадэміка Міхайлава і прарэктара Каўбаску
Дні адчыненых дзьвярэй у ЭГУ арганізоўваюць у фармаце адукацыйнага кірмашу. Кожная адукацыйная праграма, дэпартамэнт замежных моў, аддзел Міжнародных сувязяў, Цэнтар міжнароднага адукацыі і кар’еры спрабуюць максымальна шырока і інтэрактыўна прадставіць сябе.
16–17 красавіка прайшлі чарговыя дні адчыненых дзьвярэй. Абітурыенты атрымалі магчымасьць пазнаёміцца з навучальным працэсам унівэрсытэту і пагутарыць непасрэдна зь кіраўнікамі адукацыйных праграм і з жывымі студэнтамі ЭГУ.
Гледзячы па пытаньнях, якія задавалі маладыя людзі ў час сустрэчы зь кіраўніцтвам, абітурыентаў найбольш хвалююць умовы паступленьня, кошты на навучаньне, умовы пражываньня ў Вільні і магчымасьці атрыманьня фінансавай падтрымкі і стыпэндый.
Таксама падчас візыту ва ўнівэрсытэт абітурыенты, якія плянуюць паступіць на вочныя праграмы бакаляўрскай падрыхтоўкі, маглі здаць іспыт па кампазыцыі альбо напісаць эсэ. Такі папярэдні іспыт — унікальная практыка для беларускіх ВНУ.