Італійскія студэнты будуць вывучаць гісторыю мафіі

Студэнты рымскага ўнівэрсытэту Tre з пачатку 2005 году будуць вывучаць гісторыю мафіі, паведамляе брытанская газэта Telegraph.

У межах новага навучальнага курсу, разьлічанага на тры месяцы, студэнты вывучаць нараджэньне ў XIX ст., разьвіцьцё і сучасны стан мафіі. Асаблівую ўвагу будуць надзяляць пачатку 90-х гадоў XX-га ст., калі супрацьстаяньне мафіі ды дзяржавы дасягнула найвялікшага маштабу.

"Гэта першая спроба настолькі сыстэмнага вывучэньня феномена мафіі, - заявілі прадстаўнікі ўнівэрсытэту. - Да гэтага моманту тэма мафіі лічылася табу для абмеркаваньня".

Чытаць лекцыі студэнтам запрошаныя буйныя спэцыялісты па барацьбе з мафіяй, у тым ліку, нацыянальны пракурор Італіі па барацьбе з мафіяй Пьера Луіджы Вінья (Pier Luigi Vigna).

Курс гісторыі мафіі мае вялікую папулярнасьць сярод студэнтаў, больш за 430 чалавек выказалі жаданьне яго праслухаць. Пасьля заканчэньня лекцыяў яны будуць здаваць іспыт.

09:00, 15/11/2004 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1063 seconds.