Галерэя «Ў» прэзэнтуе пэрсанальны праект Руслана Вашкевіча «Шкала Рыхтэра»

Вы, напэўна, ведаеце Руслана Вашкевіча — эпатажнага, парадаксальнага і нязьменна іранічнага мастака. Яго працы прадстаўлялі Беларусь на Вэнэцыянскай біенале, прадаваліся на аўкцыёне Sotheby’s, дэманстраваліся ў галерэях Нью-Ёрка, Парыжа, Мадрыда. 8 кастрычніка Менск убачыць яго новы праект у галерэі сучаснага мастацтва «Ў».

Магчыма, вам знаёмы Рыхтэр. «Шкала Рыхтэра» спасылаецца адразу на двух чалавек з гэтым прозьвішчам: Герхарда Рыхтэра і Чарльза Ф. Рыхтэра.

Першы — Герхард Рыхтэр — нямецкі мастак, заснавальнік «капіталістычнага рэалізму». Працуе на сутыку жывапісу і фатаграфіі. Часта выкарыстоўвае эфэкт размытага аматарскага фотаздымка. Герхард нарадзіўся ў 1932 г., а ў 1964 г. напісаў фотарэалістычную карціну «Жанчына з парасонам» («Die Frau mit dem Schirm»).

Другі — Чарльз Ф. Рыхтэр — чалавек, чыім імем названая шкала, па якой вымяраюць магнітуду хістаньняў Зямлі. Амэрыканскага сэйсмоляга Чарльза Ф. Рыхтэра (1900–1985) называюць «дырыжорам землятрусаў». У шкале Рыхтэра 8 балаў. У праекце Руслана Вашкевіча 8 жывапісных прац.

Праект пачынаецца з «Жанчыны з парасонам»:

«Калі мы глядзім на гэтую карціну, нашая аптычная сыстэма дае збой, зрок страчвае раўнавагу. Вока аўтаматычна шукае вэртыкаль. Там зьлева ёсьць вялікі вэртыкальны фрагмэнт сьцяны. Я трымаўся за гэтую сьцяну, і мне ўдавалася кантраляваць сытуацыю. Але — удвух з Чарльзам — Рыхтэры мяне адолелі. Чысты тэхнічны фол першага, васьміразова памножаны другім. Нескладаная карціна ператварылася ў суцэльную размазьню. Так зьявілася сэрыя выяваў зьмены магнітуды хістаньняў Зямлі на прыкладзе адной працы Герхарда Рыхтэра».

Сьвет хісткі. Пошук устойлівай стратэгіі мастака ў ім — шлях, які вы можаце прайсьці па падлозе выстаўнай залі з 8 па 25 кастрычніка 2010 года ў галерэі «Ў».

13:00, 04/10/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0797 seconds.