«Давайце ня пойдзем туды, каб не кампрамэтаваць маладых. Пакінем студэнтаў, няхай яны паспрабуюць па-свойму»

Ва ўтульнай праскай кавярні гучна, у глыб залі прабягаюць людзі, зь якімі Шымон радасна вітаецца і абяцае хутка далучыцца. «У нас сёньня сустрэча студэнцкіх лідэраў 20 год пасьля», — тлумачыць нам Шымон Панэк. У 1989 годзе ён, тады студэнт біялягічнага факультэту Карлава ўнівэрсытэта, разам з аднадумцамі арганізоўваў студэнцкую дэманстрацыю да 17 лістапада, а таксама быў сустаршынём Цэнтральнага каардынацыйнага камітэту бастуючых студэнтаў. Якія былі настроі ў праскіх ВНУ ў 1989-м годзе, ці былі студэнты ў той час больш палітызаваныя, чым сёньня, што прымусіла іх выйсьці на вуліцы – распавядае адзін зь лідэраў студэнцкага руху Чэхаславакіі канца 80-х.

 Шымон Панэк
Шымон Панэк, аўтар фота Mila Antonava

Шымон гаворыць, што ў той час «быў больш-менш звычайным студэнтам» і ня лічыць сябе дысыдэнтам – сапраўдным дысыдэнтам, як людзі, якія з 1968 году на працягу 20 год трымалі надзею, што рана ці позна свабода прыйдзе ў Чэхаславакію. Напярэдадні лістападу 1989 году ўсе ВНУ трымаліся пад пільным кантролем Камуністычнай партыі, як і ўсё ў Чэхаславакіі – не было ніводнай недзяржаўнай газэты ці радыё. Студэнты ў бальшыні сваёй ня ведалі пра плянаваныя дэманстрацыі, хоць частка студэнтаў прымала ўдзел у нелегальных дэманстрацыях супраць камуністычнага рэжыму, пачынаючы з 1988 году.

«Ня так шмат людзей тады прымала ўдзел – 2-5 тысяч удзельнікаў, — узгадвае Шымон і дадае пра крыніцы інфармацыі і збор людзей на дэманстрацыі, — Паміж намі, студэнтамі розных факультэтаў, ужо тады было ясна — каму на факультэце верыць можна, каму нельга».

Тады, у пачатку 1989-га актыўныя студэнты пачалі перамаўляцца пра стварэньне пэўнай студэнцкай сеткі хаця б паміж праскімі студэнтамі. Улетку на сход новай ініцыятывы сабралася каля 40 студэнтаў розных праскіх факультэтаў. Найперш гэта былі тыя, хто валодаў інфармацыяй пра рух супраціву, частка зь іх была дзецьмі дысыдэнтаў і ўжо зь сям’і мела поўную інфармацыю пра падзеі.

Бацька Шымона ў 50-х гадох 11 год правёў па турмах і лягерах, калега маці быў таемным капірайтэрам у руху супраціву – яго асудзілі ў 1988-м. Шымон ведаў пра тое, што адбываецца ў краіне наўпрост зь сям’і і стаў адным з заснавальнікаў незалежнай студэнцкай сеткі.

«Тады мы разьлічвалі на некалькі год працы з мэтай мабілізацыі, бо студэнты не валодалі сытуацыяй, ня ўсе ведалі пра арганізацыю дэманстрацыяў. Усё было пад кантролем і цэнзурай. Распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што праз тры дні будзе акцыя пратэсту ў такім та месцы, было складана і рызыкоўна. Усё распаўсюджвалася празь сяброў і людзей, якія не «нагрукаюць». Тэлефон амаль не выкарыстоўваўся».

Першая акцыя, якую плянавала падпольная студэнцкая сетка, была якраз прысьвечаная 17 лістапада. Студэнты хацелі ўшанаваць памяць забітага нацыстамі ў часе студэнцкай дэманстрацыі 17 лістапада 1939 году студэнта Яна Оплэтала. А камуністы, дарэчы, таксама надавалі ўвагу 17 лістапада, бо гэта былі 50-я ўгодкі акцыі, прысьвечанай барацьбе з фашызмам.

«Цікава, што за 10 дзён да акцыі да нас прыйшлі прадстаўнікі Кампартыі – моладзевага крыла – і прапанавалі выступіць на акцыі іх прадстаўніку – узамен яны здабудуць дазвол на дэманстрацыю. У выніку на акцыю прыйшло 30 тысяч чалавек – амаль у 10 разоў болей, чым да гэтага. Бо інфармацыя пра акцыю была афіцыйнай. Па-першае, былі рэклямныя ўлёткі, а па-другое, людзі не баяліся».

Па іроніі лёсу сам Шымон Панэк 17 лістапада быў па-за межамі Прагі, бо «зусім ня меў грошаў і паехаў на 7 дзён працаваць на нейкі добрааплочваемы суботнік».

«Я ня думаў, што гэта будзе апошняя – самая важная дэманстрацыя. Мне тады падавалася, што гэта адна з многіх, на якіх я быў і дзе яшчэ пабуду».

Студэнты распачалі акцыю з Альбэртава, але потым рушылі ў цэнтар Прагі да Вацлаўскай плошчы. Аднак па шляху паліцыя перагарадзіла дарогу і пакінула толькі вузкае выйсьце для адыходу назад, дзе дэманстрантаў жорстка зьбівалі. Пазьней незалежныя мэдыкі паведамілі пра 568 параненых, пайшлі чуткі пра забітых.

«Гэта было настолькі жорстка і нечакана, бо ўсё ж такі гэта цэнтральная Эўропа, што многія студэнты былі надзвычай раззлаваныя. Акцыя была ў пятніцу, а ўжо на выходных слова “страйк” пачало імкліва распаўсюджвацца паміж студэнтамі. Вельмі хутка нас падтрымалі акторы і практычна ўсе праскія тэатры. Дысыдэнты на чале з Вацлавам Гаўлам не пайшлі на нашу дэманстрацыю. Напярэдадні Гавэл сказаў сваім паплечнікам: «Давайце ня пойдзем туды, каб не кампрамэтаваць маладых. Пакінем студэнтаў, няхай яны паспрабуюць па-свойму».

Дагэтуль, узгадвае Шыман, дзяржаўная прэса апісвала ўсе дэманстрацыі як нейкія беспарадкі, якія ладзяць дзеці буржуяў і аплачвае захад:

«І народ збольшага верыў. Але пасьля дэманстрацыі 17-га лістапада людзі загаварылі: “Яны б’юць нашых дзяцей”. Гэта быў той момант, які нам вельмі дапамог. Многія зьбітыя студэнты паехалі на выходныя дадому – у маленькія гарады і вёскі. Мы таксама дамовіліся паміж сабою паехаць па іншых гарадох, каб людзі ведалі праўду. Галоўная задача была – не застацца ізаляванымі на сваіх факультэтах у Празе. Мы паехалі і праз 2-3 дні амаль уся краіна ведала, што адбываецца і што насамрэч хочуць студэнты».

Перад пачаткам страйку студэнты распрацавалі зварот са сваімі патрабаваньнямі: тлумачэньне жорсткага разгону дэманстрацыі 17-га, студэнцкія свабоды, а таксама выкрэсьліваньне з канстытуцыі пункта пра вядучую ролю камуністычнай партыі.

«Гэта было патрабаваньне і студэнцкае і вельмі палітычнае. Першыя 10 дзён змаганьняў студэнты былі рухавіком дэманстрацыяў. У гэты час дысыдэнтамі на чале з Вацлам Гаўлам быў створаны Грамадзянскі форум, куды ўвайшлі дысыдэнты, акторы, студэнты. Мы ж на факультэце думалі пра нейкі каардынацыйны ворган, каб аб’яднаць студэнцкія змаганьні – так утварыўся Цэнтральны каардынацыйны камітэт бастуючых студэнтаў».

Ужо 26 лістапада на акцыю Грамадзянскага форуму выйшла 800 тысяч людзей. Аднак чэскія камуністычныя лідэры ўжо адчувалі, што сыстэма развальваецца і нельга так проста разганяць людзей.

«Рэжым паў, бо камунізм стаў пустым, пазбавіўся ідэалягічнай энэргіі – самі камуністы ўжо ня верылі, што гэта можа працаваць. Камунізм бы ў нас усё адно паў – не за месяц, як адбылося, а за год-два. Але мы студэнцкімі забастоўкамі паскорылі гэты працэс – узялі ўсё ў свае рукі, што было вельмі важна для будучыні».

У той час Шыману Панэку было амаль 22 гады і ён ужо жыў асобна ад бацькоў. Тады, перад пачаткам масавых дэманстрацыяў бацька сказаў яму: «Трымайся і вазьмі цёплую вопратку, бо можа давядзецца спаць ня дома».

Ці былі тады студэнты болей палітызаваныя? Шымон узгадвае, што ў час студэнцкага страйку адныя факультэты выйшлі на вуліцы, а зь некаторых большасьць студэнтаў проста зьехала дадому.

«Мы займаліся палітыкай, бо ў нас ня было нічога, ня было асноўных свабодаў. Мы не маглі выяжджаць за межы краіны, у нас ня было непадцэнзурнай прэсы, ня было інтэрнэту. Было толькі адно тэлебачаньне – дзяржаўнае – і адно радыё – таксама дзяржаўнае».

Цяпер Шымон зьяўляецца выканаўчым дырэктарам праваабарончай арганізацыі «Чалавек у нядолі», якая ў тым ліку працуе і зь Беларусьсю.

«Ёсьць людзі, якія адчуваюць страх мацней, а хтосьці меней. Я шчасьлівы, што ня моцна адчуваю страх – гэта дапамагала мне ў жыцьці заўсёды, ня толькі ў час камунізму. Страх трэба рацыяналізаваць. Сесьці і сказаць сабе: так, добра, я баюся, але што насамрэч можа здарыцца? Мяне могуць забіць? Не. Мяне могуць зьбіць? Так, але такое ў жыцьці здараецца – я проста выздаравею. Могуць выкінуць з унівэрсытэта? Могуць, але якая будучыня ў навучаньні на гэтым факультэце ў такой Беларусі? Трэба разабрацца, чаго я баюся і што насамрэч зьяўляецца пагрозай. Трэба паставіць насупраць гэтага свой розум і пастарацца балянсаваць у гэтым».

«Сытуацыю нельга зьмяніць хутка, але маладыя людзі праз гэта могуць ужо зараз рыхтавацца да таго, каб зрабіць краіну лепей, калі вы даб’ецеся свабоды. А гэта рана ці позна будзе».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0747 seconds.