Google і Facebook увядуць Ватыкан у таінства Сеціва

Прадстаўнікі вядучых сацыяльных сетак і сеціўных сэрвісаў распавядуць ватыканскім біскупам аб прамудрасьцях Інтэрнэту на адмысловым чатырохдзённым трэнінгу, арганізаваным пасьля сэрыі правалаў кіраўніцтва каталіцкай царквы на онлайн-фронце.

 

Мэдыя экспэрты, у тым ліку прадстаўнікі пошукавіка Google, сацыяльнай сеткі Facebook, відэа-сэрвісу YouTube і онлайн-энцыкляпэдыі Wikipedia, распавядуць каталіцкім біскупам з усёй Эўропы аб тым, як лепш камунікаваць са сьветам у XXI стагодзьдзі.

У апошнія месяцы папа Бэнэдыкт XVI падвяргаўся крытыцы, у тым ліку і з боку інтэрнэт-супольнасьці, з-за яго пазыцыі адносна ролі прэзэрватываў у распаўсюдзе СНІДу. У выніку адна з груп у Facebook, напрыклад, заклікала дасылаць на паштовы адрас Бэнэдыкта прэзэрватывы.

Цяпер Ватыкан зьвярнуўся да экспэртаў, каб зразумець, якое значэньне новыя мэдыі маюць у жыцьці моладзі і якім чынам іх можна выкарыстоўваць для камунікацыі зь людзьмі. Таксама ў час чатырохдзённай канфэрэнцыі біскупы атрымаюць неацэнныя парады ў справе кампутаровай бясьпекі ад маладога швэйцарскага хакера і экспэрта ў кіберзлачынствах.

«Сьвет хакераў — гэта асобная, паралельная культура, якая ў асноўным ігнаравалася Касьцёлам, але не фанатамі інфармацыйных тэхналёгіяў», — гаворыцца ў паведамленьні ватыканскага «міністэрства», Папскай рады па сродках масавых камунікацыяў, якое арганізуе канфэрэнцыю.

Канфэрэнцыя ўжо ня першая спроба папы прадэманстраваць сваю дасьведчанасьць у новых тэхналёгіях. Бэнэдыкт XVI раней ужо пасьпеў засвоіць ноўтбук і iPod.

Паводле Telegraph

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.