Крэатыўная дзірка ў Латвіі

Па сусьветнай прэсе прайшлася сэнсацыя: па поўначы Латвіі ўпаў мэтэарыт памерам з кулак, да таго ж радыёактыўны. Але празь дзень высьветлілася, што мэтэарыт нікуды ня падаў, і ўвогуле гэта не мэтэарыт, а інсцэніроўка тэлекамунікацыйнай кампаніі, якая хацела «натхніць латвійскае грамадзтва».


Фота Delfi.lv

«Мэтэарыт», які называлі найбольшым з тых, што калі-небудзь знаходзілі ў Латвіі, «упаў» недалёка ад гораду Мазсалаца і «стварыў» кратэр 3-мэтровай глыбіні. Прадпрымальная гаспадыня ўчастку, на якім знайшлі нябесны аб’ект, хутка арганізавала продаж квіткоў за прагляд кратэру. Да «дзіркі» выехалі навукоўцы, журналісты і проста зявакі.

Але хутка навукоўцам стала зразумела, што мэтэарыт «не сапраўдны» (яго ўвогуле не знайшлі), а кратэр вырылі людзі, запаліўшы ў ім салетру, каб відавочцы падумалі, што на дне яго дыміўся касьмічны мэтэарыт. У выніку, «стваральніку кратэра» — апэратару мабільнай сувязі Tele2 — нічога не засталася, як прызнацца ў тым, што падзеньне мэтэарыту было рэклямнай акцыяй кампаніі:

«Мы проста хацелі натхніць народ», — сказаў дырэктар па маркетынгу і гандлю Tele2 Яніс Спрогіс, паведамляе rus.DELFI.lv.

«Мы бачым, што дзякуючы гэтай падзеі пра Латвію загаварылі ў сьвеце, Латвія стала цікавай, і ня тым, што ў нас крызыс, што нам цяжка, а тым, што тут адбылося штосьці цікавае і крэатыўнае. Гэта ўнікальнае дасягненьне», — дадаў прадстаўнік Tele2.

Кампанія, якая зьяўляецца дачэрнім прадпрыемствам швэдзкага канцэрну Tele2 AB, паабяцала кампэнсаваць дзяржаве ўсе выдаткі за інцыдэнт. Раней кіраўніца МУС Латвіі паабяцала, што адказныя за інсцэніроўку («цынічны зьдзек», як яна назвала гісторыю) будуць пакараныя. Па папярэдніх падліках, рэклямная акцыя будзе каштаваць Tele2 каля 13 тысяч латаў (каля $27 500).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0812 seconds.