YouTube і Google дапамаглі прыняць роды

Інжынэр з графства Карнуол у Вялікабрытаніі прыняў роды ў жонкі, карыстаючыся інструкцыямі з відэапарталу YouTube.

Як перадае BBC Russian, Марк Стывэнс палез на YouTube як толькі яго цяжарная жонка адчула дыскамфорт. Праз чатыры гадзіны пасьля гэтага ў яе пачаліся схваткі.

Але за гэты час інжынэр з дапамагаю парталаў YouTube і Google ужо пасьпеў нядрэнна самаадукавацца ў пытаньнях прыняцьця родаў.

«Я прачытаў інфармацыю на Google, як прыняць роды, паглядзеў некалькі відэаролікаў і грунтоўна ўсё вызубіў», — распавёў BBC Стывенс.

Пара плянавала хатнія роды, але спадзявалася на дапамогу акушэркі. Але ў гадзіну Х акушэрка аказалася надта занятая, каб прыехаць да Стывэнсаў. Пара выклікала хуткую дапамогу, але яна прыехала ўжо пасьля пачатку родаў.

Таму замест таго, каб панікаваць, Стывэнс палез глядзець адукацыйнае відэа.

«Відэа дало мне душэўны спакой. Я й так думаў, што здолею гэта зрабіць, але відэа ўсё вельмі спрасьціла», — адзначыў шчасьлівы тата.

«Гэта наша чацьвёртае дзіця. Падчас усіх папярэдніх родаў я быў побач са сваёй жонкай, знаходзячыся ў яе падгалоўя, але зараз я магу яшчэ й прымаць роды сам», — ганарліва дадаў ён.

Падчас родаў Стывэнс падтрымліваў тэлефонную сувязь з акушэркай і распавядаў ёй пра ход працэсу.

Пасьля родаў інжынэр адвёз сваю жонку і нованароджанага сына Гэбрыэля ў Каралеўскі шпіталь Карнуола.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1271 seconds.