«Гукавыя хвалі» і MTV — апошняя надзея Эўразьвязу ў прыцягненьні цікаўнасьці да выбараў

Эўрапейскую моладзь ня так лёгка зацягнуць да выбарчых скрыняў. Зь інтэрнату асабліва не пагоніш і датэрмінова да дому на пару дзён у знак удзячнасьці за галасаваньне ня выправіш. Вось Эўракамісія і шукае новыя сродкі выйсьця на апалітычных маладзёнаў.

Эўрапейская камісія зьвярнулася да новых сродкаў масавай інфармацыі, якія здольныя, на яе погляд, павялічыць інтарэс да выбараў.

Эўракамісія верыць, што выбары могуць быць ня проста «дэмакратычнымі» і «адпавядаючымі стандартам АБСЭ», а па-сапраўднаму «клёвымі». І зрабіць іх такімі можна з дапамогай вядомага музычнага каналу MTV.

«Эўрапа, ці ты чуеш мяне?» — пытаюцца маладзёны са сьцен Калізею і вуліцаў Бэрліну. Гэтыя словы далі назву мэдыякампаніі, накіраванай на прыцягненьне маладых людзей да галасаваньня на выбарах у Эўрапейскі парлямэнт 4–7 чэрвеня. Кампанія складаецца з сэрыі тэлевізійных ролікаў, а таксама сэрыі івэнтаў у розных гарадах Эўропы, якія абмяркоўваюцца на сайце кампаніі www.caneuhearme.eu.

На ўсё пра ўсё Эўракамісія вылучае 1,9 млн. эўра. Гэтыя грошы пойдуць на рэкляму ў эфіры каналаў MTV, VH1, Nickelodeon і Comedy Central. Таксама праз MTV эўрапейскія чыноўнікі зьбіраюцца заклікаць моладзь выйсьці 30 красавіка на вуліцы гарадоў і прыняць удзел у стварэньні «равучых гукавых хваляў» па ўсёй Эўропе. Падчас акцыі моладзі прапануюць разам пакрычаць «Эўропа, ці ты чуеш мяне?»

Такое хваляваньне за галасы маладых грамадзян краін Эўразьвязу тлумачыцца нізкім узроўнем цікаўнасьці да надыходзячых выбараў у Эўрапарлямэнт. Згодна з апошнімі апытаньнямі, 27% эўрапейскіх студэнтаў увогуле не зьбіраюцца ісьці да скрыняў у чэрвені. Гэта найвялікшы адсотак сярод усіх астатніх апытаных групаў насельніцтва.

Агулам сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць, што 53% эўрапейцаў не цікавяцца выбарамі. Найменшую цікаўнасьць да эўрапарлямэнцкіх выбараў выказваюць брытанцы і палякі.

Першыя выбары ў эўрапарлямэнт прайшлі ў 1979 годзе. Яўка тады склала 63%, але з тых часоў яна няўхільна зьніжалася. У 2004 году яўка была 45,7%.

Паводле BBC News

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0621 seconds.