«Стары Ольса» завітаў у Прагу з танцамі на стале

У нядзелю Стары Ольса завітаў з канцэртам у Прагу. Гэта ўжо ня першы канцэрт у пэрліне сярэднявечных гарадоў, які цудоўна пасуе да той музыкі, якую граюць беларускія музыкі.

 

Канцэрт праходзіў у літаратурнай кавярні Ржэтэзова, у скляпеньні старога будынку, які знаходзіцца ў адной з самых гістарычных частак гораду. На канцэрце сабраліся ня толькі беларусы Прагі, але і чэскія і расейскія прыхільнікі гурта.

 

Выступ «Старога Ольсы» праходзіў у жывой акустыцы, без якой-кольвек узмацняльнай апаратуры — толькі жывыя інструманты і голас. Гэта ў сваю чаргу надавала непаўторнае пачуцьцё вандроўкі ў часе, калі шмат і шмат стагоддзяў таму людзі гэтак жа за келіхам з півам (ці медавінай) слухалі тую ж самую музыку, што і слухачы «Старога Ольсы» у праскай гасподзе. Ніхто ня чуў звычайнае для любога сучаснага канцэрту «гукаапэратар, домру вышэй!» ці «я ня чую сябе ў маніторы». Было толькі сяброўскае «Уздымем келіх…»

У цалкам нефармальнай атмасфэры ўсе жадаючыя маглі задаваць пытаньні ці замаўляць свае любімыя песьні. Таму акрамя новых кампазыцый з «Полацкага сшытку», якія можна знайсьці ў новым альбоме «Дрыгула», былі зайграныя і ўсімі любімыя «Князь Вітаўт», «Ружа-кветка» ды іншыя песьні. Кампазыцыя «У карчме» выклікала ўсплёск пачуцьцяў у публікі, якая гучна чокалася келіхамі і грукала імі па стале. Некаторыя нават не стрымаліся і пусьціліся ў пляс на стале, які здолеў вытрымаць увесь цяжар беларускага застольнага вясельля.

 

Сьвята завершылася, музыкі разьвіталіся, але абяцалі вярнуцца, каб пацешыць сваіх праскіх слухачоў зноў.

Фота Андрэя Навуменкі і Дашы Козыр 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1343 seconds.