Вугорская эпапэя вакол платы за адукацыю

Ужо амаль месяц стужкі навінаў паведамляюць пра крызыс улады ў Вугоршчыне, палітычны скандал вакол кіруючай партыі і масавыя акцыі пратэсту на вуліцах. Мала хто па-за межамі Вугоршчыны ведае, што пратэсты пачаліся ў Будапэшце яшчэ да таго, як зьявіўся публічны зварот прэмьер-міністра, які і выклікаў такі шырокі рэзананс.

акцыя ў Szeged

А справа была ў тым, што вугорскія студэнты яшчэ з сярэдзіны лета плянавалі распачаць у верасьні шырокамаштабныя акцыі пратэсту супраць зьменаў у заканадаўства, унесеныя новым урадам улетку.

У чым уласна справа

Усе студэнты, што навучаюцца на “бюджэтнай форме” (у двукосьсі, бо бюджэтнай формай гэта ўжо цяжка назваць), адпаведна новых правак вымушаныя будуць плаціць за сваё навучаньне, ад платы вольным застанецца толькі першы год навучаньня. Плата складзе 380 эўра за навучальны год на ступені бакаляўра і 550 эўра за навучальны год на ступені магістра (параўнайце з сярэдняй лічбай платы ў менскіх унівэрсытэтах). ВНУ могуць зьмяняць памер платы за адукацыю ў памеры +/- 50%. Усе гэтыя грошы будуць атрымоўваць наўпрост унівэрсытэты, прычым 15% ад агульнай сумы мусіць вяртацца да студэнтаў у выглядзе прэміяў за выдатныя посьпехі ў навучаньні. Ад платы будуць вызваленыя студэнты дактарантуры і студэнты, што карыстаюцца ільготамі ў зьвязку са сваім здароўем ці сацыяльным становішчам. 

Новая сыстэма мусіць увайсьці ў сілу зь верасьня 2007-га году (2007/2008 навучальны год).

Парлямэнт Вугоршчыны прыняў заканадаўчы акт з прапанаванымі зьменамі яшчэ ўлетку, але Прэзыдэнт не падпісаў яго і адправіў у канстытуцыйны суд на перагляд. Але варта заўважыць, што гэта было зроблена не ў зьвязку з увядзеньнем платы за адукацыю. 

Нацыянальны студэнцкі зьвяз Вугоршчыны (HOÖK) на момант прыняцьця паправак меў распрацаванай сваю прапанову аб рэфармаваньня сыстэмы фінансаваньня вышэйшай адукацыі такім чынам, каб не спатрэбілася асноўны цяжар ускладаць на студэнтаў праз плату за адукацыю. Але парлямэнт прыняў акт з папраўкамі не праводзячы звычайных у такіх сытуацыях кансультацыяў з грамадзтвам. Як вынік студэнты вырашылі страйкаваць.

Як гэта было ў верасьні

Студэнты заручыліся падтрымкай ад шэрагу грамадзкіх арганізацыяў. Студэнцкія арганізацыі на ўзроўні ўнівэрсытэтаў правялі актыўную інфармацыйную кампанію сярод студэнтаў, што толькі што вярнуліся з вакацыяў. У выніку дэманстрацыі пачаліся не толькі ў Будапэшце, але і ў трох іншых буйных гарадах краіны – Szeged, Pécs, Debrecen. У той час, як асноўная дэманстрацыя плянавалася ў Будапэшце на 21-е верасьня, першая акцыя прайшла ў Szeged яшчэ 13-га верасьня і прыцягнула больш за 4000 удзельнікаў, сярод якіх былі не толькі студэнты, але і прафэсары і іншыя супрацоўнікі ўнівэрсытэтаў. Ва ўсім бачыўся посьпех кампаніі хаця б на ўзроўні атрыманьня шырокай грамадзкай падтрымкі. HOÖK зьвярнуўся да эўрапейскіх калегаў за падтрымкай праз эўрапейскую студэнтцкую арганізацыю ESIB – National Unions of Students in Europe.

акцыя ў Szeged  

Тым не менш акцыя, заплянаваная на 21-е не адбылася, бо Будапэшт ужо бунтаваў. Пасьля агалошваньня выступу прэмьер-міністра, у якім выкрываліся фальсыфікацыі падчас выбараў, вугорцы пайшлі на вуліцы. У выніку шэрагу правакацыяў адбыліся вулічныя бойкі. HOÖK вырашыў перанесьці акцыю на пазьнейшы час, хвалюючыся што мірная студэнцкая акцыя пратэсту будзе выкарыстана радыкальнымі сіламі дзеля правядзеньня правакацыяў і яшчэ большага напружваньня сытуацыі ў краіне.

Такім чынам, вялікая акцыя пратэсту супраць увядзеньня ў Вугоршчыне плату за атрыманьне вышэйшай адукацыі адбудзецца ў Будапэшце 19-га кастрычніка. Паглядзім, ці атрымаецца ў вугорскіх студэнтаў выкарыстаць сытуацыю ў краіне на сваю карысьць і прадухіліць увядзеньне прапанаваных зьменаў.

Напрыканцы нагадаю, што ўвядзеньне платы за адукацыю стала адмоўнай тэндэнцыяй для шэрагу Эўрапейскіх краінаў на працягу апошніх год. Гэта таксама зьяўляецца адной з цэнтральных праблемаў, супраць якой студэнты змагаюцца як на нацыянальным, так і агульнаэўрапейскім узроўні.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0686 seconds.