БРСМ прысягае ідэям камунізму?

Уступленьне БРСМ у Сусьветную фэдэрацыю дэмакратычнай моладзі. Артыкул-дасьледваньне Тацяны Хомы, беларускай студэнткі, якая была абраная ў 2005 годзе ў Праўленьне буйнейшай эўрапейскай студэнцкай арганізацыі ESIB

Нядаўна ў беларускіх сродках масавай інфармацыі зьявілася навіна аб плянах БРСМ стаць сябрам Сусьветнай фэдэрацыі дэмакратычнай моладзі. Працуючы ў міжнароднай студэнцкай арганізацыі, я зразумела, што міжнародную моладзевую арэну ніяк нельга назваць пустой. Існуе вялізная колькасьць міжнародных рухаў, арганізацыяў, фэдэрацыяў і г.д. Усе яны маюць свае мэты, за нешта змагаюцца, хоць прызнаньня і сапраўднай палітычнай ці якой іншай вагі насамрэч дасягаюць далёка ня ўсе.  

Разнастайнасьць у гэтым сэктары такая вялікая, што прасачыць за ўсімі немагчыма. Але ў гэтым выпадку справа ідзе пра беларускую арганізацыю, што хоча стаць сябрам міжнароднай фэдэрацыі. Гэта і зматывавала мяне пацікавіцца Сусьветнай фэдэрацыяй дэмакратычнай моладзі больш падрабязна.  

Што такое СФДМ?

Заходжу на іх старонку - wfdy.org. Бачна, што гэта вельмі радыкальная арганізацыя. Мяне прыватна зьдзіўляюць папулісцкія камуністычныя лёзунгі фэдэрацыі - кшталту "далоў сусьветны імпэрыялізм", што вялізнымі літарамі сустракаюць наведвальніка на першай старонцы сайта. Як мне падаецца, такія “гучныя” словы накіраваныя звычайна на малаадукаваную публіку, якая чапляецца за “рэзаньне праўды-маткі”. На міжнароднай арэне большага посьпеху і павагі дасягаюць больш вытрыманыя і дакладныя структуры, якія карыстаюцца лёгікай і фактамі.

У мяне склалася ўражаньне, што гэта фэдэрацыя хутчэй для андэграўдных радыкальных левых рухаў, чым для той арганізацыі, якой спрабуе пазыцыянаваць сябе БРСМ – "буйнейшая рэспубліканская моладзевая структура". Так, напрыклад, сябра фэдэрацыі з Чэхіі (КSM - Communist Youth Union) нядаўна наагул згубіў легальны статус у сваёй краіне (пры тым, што сучасная Чэхія - гэта не Беларусь, дзе большасьць арганізацыяў ня маюць легальнага статуса з-за сваёй палітычнай пазыцыі, адрознай ад афіцыйнай ідэалёгіі). Пры далейшым дасьледваньні даведваюся, што фэдэрацыя збольшага аб'ядноўвае камуністычныя моладзевыя арганізацыі з розных куткоў сьвету, прычым у найбольш утапічным іх выглядзе – змагары за сусьветную пралетарскую рэвалюцыю. Пасьля прыняцьця рашэньня ўступіць у гэтую асацыяцыю, думаю, БРСМ можна нават паважаць... за ўрэшце дакладную вызначанасьць сваёй палітычнай накіраванасьці. Цікава, ці ўсе сябры БРСМ ўсьведамляюць, што яны насамрэч камуністы? Ці гэта яшчэ плянуецца патлумачыць на занятках па дзяржідэалёгіі ці падчас хвілін палітінфармацыі напачатку лекцыі?  

У СМІ пісалі побач з гэтым паведамленьнем: “ці значыць гэта, што БРСМ далучыцца да дэмакратычных каштоўнасьцяў?”, бо з назову вынікае, што фэдэрацыя аб'ядноўвае дэмакратычную моладзь... З глыбейшага дасьледваньня доўгай гісторыі СФДМ вынікае, што яна была нашмат мацнейшая да 1989-га, бо атрымоўвала шмат грошай ад камуністычнага блоку. У 90-х гэта стала складаней, бо асноўнай крыніцай фінансаваньня засталася толькі Лівія. У выніку нават зьезды ў іх адбываюцца зараз зусім нерэгулярна (трэба ўлічваць розьніцу паміж зьездам, калі сустракаюцца ўсе ўваходзячыя арганізацыі, і сустрэчай каардынацыйнага камітэту).

Адным словам, “дэмакратычнасьць” СФДМ выклікае вялікія сумневы ў міжнародным моладзевым руху. Цікава, ці БРСМ напіша ў сваіх газэтах (такія існуюць?) пра дасягненьне “адказнага за міжнародныя стасункі”, які прабіў сяброўства ў Сусьветнай фэдэрацыі дэмакратычнай моладзі? І ці пры гэтым патлумачаць сваім сябрам, што гэта за арганізацыя, альбо як заўжды паспадзяюцца на “недалёкасьць” і апатыю, што ніхто і так ня будзе правяраць сайт фэдэрацыі па-ангельску і паверыць прыгожаму назову арганізацыі са словам “дэмакратычная моладзь”. Напэўна, я адзіны чалавек, хто вырашыў пачытаць “гадавую палітычную справаздачу” фэдэрацыі. Справаздача ўяўляе сабой выражэньне гнеўнага абурэньня тым, што нарабіў з людзьмі сусьветны імпэрыялізм і нэаліберальная ідэалёгія ЗША і Эўразьвязу. Справаздачы пра канкрэтную дзейнасьць (акрамя фотак з кансьпіратыўных сустрэчаў і інфармацыі пра фэстывалі ў краінах кшталту Вэнэсуэлы) я так і не знайшла на сайце, а было б цікава даведацца, чым дакладна яны займаюцца.

Але ня ўсе патрабаваньні фэдэрацыі зьяўляюцца пазасусьветнымі. Напрыклад, некаторыя зь іх нават супадаюць з каштоўнасьцямі ESIB. Гэта тычыцца іх патрабаваньняў наконт адукацыі - патрабаваньне адкрытага доступу да адукацыі высокай якасьці. 

Выхад у сьвет

Хочацца ўзгадаць і пра іншыя спробы БРСМ прыняць удзел у міжнародным жыцьці. Некалі напрыканцы 90-х папярэднік БРСМ – Беларускі Патрыятычны Саюз Моладзі - спрабаваў стаць сябрам ESIB. На жаль для іх, тады гэта не атрымалася, а сябрам ESIB стала іншая (студэнцкая) арганізацыя зь Беларусі.

Дзеля інфармацыі: крытэры да сяброўства ў ESIB:

1) арганізацыя мусіць быць заснавана на дэмакратычных прынцыпах кіраваньня;

2) арганізацыя мусіць быць незалежнай ад уплыву палітычных партыяў;

3) арганізацыя мусіць кіравацца студэнтамі.

Яшчэ цікавы прыклад – студэнцкія пратэсты ў Францыі ўвесну гэтага году, калі БРСМ накіраваў афіцыйны ліст падтрымкі студэнтам у іх змаганьні супраць злобнага закону прынятага “нэаліберальным францускім урадам”. Студэнцкая арганізацыя, што арганізоўвала пратэсты, зьяўляецца сябрам ESIB і мае свайго прадстаўніка таксама і ў радзе гэтай міжнароднай арганізацыі. Было цікава слухаць расповеды, як усе зьдзівіліся лісту падтрымкі ад пралукашэнкаўскай арганізацыі. Тым ня менш, калі рэакцыі на ліст не было, настойлівы БРСМ ператэлефанаваў, і ў адказ пачуў тое, што ім не хацелі адказваць праз ліст: “Мы не працуем з арганізацыямі, якія падтрымліваюць недэмакратычны рэжым”.

Напэўна, пасьля такога вось шэрагу няўдач маладыя камсамольцы вырашылі паспрабаваць шчасьце ў іншым спэктры міжнароднай арэны. Рашэньне ўступіць у СФДМ - гэта відавочная спроба беларускага "рэжыму" вызначыцца на міжнароднай арэне хоць праз моладзевую структуру, бо беларускай моладзі (а БРСМ кажа, што менавіта яе і прадстаўляе) сяброўства ў такой арганізацыі дакладна не патрэбнае. Думаю, што калі фэдэрацыя сябруе з рэжымам Уга Чавэса, то ў БРСМ усе шанцы атрымаць гэтае сяброўства ў студзені 2007-га. Але гэта яшчэ далёка ня будзе значыць прызнанасьць БРСМ на сусьветнай арэне, бо ў мяне склалася ўражаньне, што фэдэрацыя не ўяўляе з сябе сур’ёзнай працоўнай і тым больш уплывовай структуры. Хаця, напэўна, самі сябры фэдэрацыі назавуць мяне пасьля гэтага рабом сусьветнага імпэрыялізму і ахвярай шкоднай нэаліберальнай прапаганды. 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0951 seconds.