48 гадзін, каб зрабіць стартап: фотарэпартаж з хакатона Garage48

Мінулыя выходныя ў Менску для некалькіх вясёлых групаў IT-актывістаў атрымаліся надзвычай працоўнымі. Экстрэмальнае пагружэнне ў працу ў камфортных умовах — стыль, які спавядаюць удзельнікі хакатонаў. Для Менску такія тусоўкі сталі цяпер рэгулярнымі. Гэтым разам у Беларусі ізноў праходзіў Garage48. На веснавым хакатоне гэтай серыі перамог праект TrackDuck, які атрымаў не толькі імпульс, але і паслядоўнае развіццё

Як у сціслыя тэрміны сфармуляваць і вырашыць задачу ў групе прафесіяналаў і ня вельмі, сяброў альбо зусім незнаёмых людзей. Generation.by наведаў адкрыццё і фінал Garage48, каб паглядзець, як нараджаюцца стартапы ў Беларусі.

З заяўленых на прэзентацыях пары дзясяткаў ідэй да рэалізацыі дайшлі толькі сем. Праз двое сутак пасля старту IT-актывісты на дзіва не выглядалі асабліва памятымі, хоць многія працавалі фактычна нон-стопам гэтыя 48 гадзінаў. Праграмісты, дызайнеры і іншы народ сумежных спецыяльнасцяў хадзіў па бізнэс-цэнтры IMAGURU у чаканні вынікаў.

Пераможцамі стала каманда ChangeAgain.Me з праектам сэрвісу аўтаматызаванага A/B-тэставання сайтаў. Яны атрымалі галоўны прыз — паездку на эстонскую канферэнцыю Latitude59, дзе прадставяць сваю працу. А таксама пераможцы атрымалі месяц бясплатнай працы ў IMAGURU і навучанне ў бізнес-школе TechMinsk.

Другое месца ў праекта Dogracy — дзіўнай сацыяльнай сеткі для сабак. Удзельнікі гэтай каманды таксама змогуць месяц папрацаваць бясплатна ў каворкінгу і павучыцца ў TechMinsk.

Трэцяе месца — у каманды MakeSet з праектам сэрвіса падбору запцацак для ровараў. Іх прыз — навучанне ў TechMinsk і зніжка 20% на месяц працы.

Яшчэ шэраг камандаў былі адзначаныя больш дробнымі прызамі. 

Юра Сідун 17/12/2013

Камэнтары праз FACEBOOK

 
In 0.0436 seconds.