"Адборышча-2006": INDRA

Інфармацыя пра гурт "INDRA", які падаў заяўку на ўдзел у конкурснай частцы "Басовішча-2006".

Рок-гурт утварыўся ў 2003 годзе. Але сама ідэя яго стварэньня прыйшла ў галаву Марыне Шэф яшчэ ў 2001-ым. Тады дзяўчына навучалася ў Полацкай нацыянальнай гімназіі. 

Праз год Марына знайшла "выключную вакалістку Вольгу", а ўлетку 2002-га дзяўчыны сустрэлі хлопца, які няблага граў на бубнах. Яшчэ праз год на сьвяткаваньні сорак пятай гадавіны Наваполацака да кампаніі далучылася віяланчалістка Галя. Гэтак вось і ўтварыўся нязьменны ды непарушны склад гурта – зьмяняюцца ж увесь час толькі басісты. 

Ці то Паша такі унікальны, што можа ўжывацца з трыма дзеўкамі, ці то прычыняюцца нейкія вышэйшыя сілы, але стабільнага басіста гурт пакуль што не набыў – вакансія адкрыта”, - адзначае Марына, гітарыстка "Індры". 

Дарэчы наконт назова: “Індрай” гурт вырашыў назвацца напярэдадні канцэрта “АнтыСНІД” у 2003 годзе. “Выбар гучнага імені сярод магчымых ажыцявіўся геніяльна проста: адна з сябровак тады яшчэ безназоўнага гурта выцягнула з капялюша лёсаносную паперку (па сакрэце, словы, напісаныя на гэтай і астатніх паперках, былі знойдзеныя ў жыцьцядайнай кніжцы “Бен Гур”)”, - распавяла Марына. 

"Індра" выступала на рок-фэстах у Полацку, у Езярышчы, грала у супольных канцэртах у клюбах P&R, Night City. Аніводнае гарадзкое сьвята бяз ейнага выступа не абыходзілася. Сёлета гурт трапіў у лік ляўрэатаў "Рок-кола-2006".

Гурт мае дзьве іпастасі: расейскамоўную і беларускамоўную. Расейскамоўныя песьні гурта належаць заўчасна сышоўшай з жыцьця Натальлі Клімавай. Беларускія тэксты належаць піяру вядомай полацкай паэткі Леры Сом. У любой з гэтых іпастасяў незвычайны па моцы голас Вольгі Андрэевай пакідае незабыўныя ўражанні”, - распавядае Марына.

На дадзены момант гурт мае ўласны альбом з аптымістычным назовам “Ёсьць кантакт!”, куды ўвайшлі і расейскамоўныя песьні Натальлі, і беларускія на словы Леры.

 

Стыль, у якім грае “Індра” можна вызначыць, як бардаўскі рок, але самі музыкі кажуць, што стылёва гурт яшчэ ня вызначыўся. 

На сёньняшні дзень склад гурта наступны:

Вольга Андрэева – вакал, гітара
Марына Шэф – гітара
Павал Кухто – бубны
Галя Сандова – віяланчэль

Марына Шэф, гітарыстка: “Што можна чакаць ад “Басовішча”? Новых знаёмстваў, уражаньняў; нарэшце, само наведваньне адзінага фэстывалю беларускага року ня можа не пайсьці на карысьць для любога гурта. Ну, і сябе хацелася б паказаць зь лепшага боку. Тым больш, што ўсе ваколіцы Полацка аб’езджаны неаднаразова, выступалі пару разоў у Менску... Што за фэстывалі праводзяцца пры цяперашніх умовах на Беларусі – добра вядома. Хацелася б удыхнуць поўнымі грудзямі паветра рэальнай свабоды.
“БАСовішча” для нас -- гэта...
... магчымасьць непасрэднага кантакту зь вядучымі беларускімі музыкамі...
... адзіны цалкам беларускі фэстываль з багатай гісторыяй  і традыцыямі...
... тое адзінае, на што можна рэальна арыентавацца...
... шанец :)”
.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0937 seconds.