Рэктары 260 нямецкіх унівэрсытэтаў занепакоены сытуацыяй у Беларусі

Кіраўніцтва 260 нямецкіх унівэрсытэтаў і вышэйшых школ абуранае рэпрэсіямі ў дачыненьні да студэнтаў у Беларусі. У прынятай заяве канфэрэнцыі рэктараў вышэйшых школ Нямеччыны гаворыцца пра неабмежаваную гатоўнасьць нямецкіх вучэбных устаноў каапэравацца з усімі партнэрамі ў Беларусі, якія зацікаўленыя ў супрацоўніцтве.

У часе сустрэчы ў Боне кіраўнікі нямецкіх унівэрсытэтаў і вышэйшых школ рашуча асудзілі арышт і выключэньне з унівэрсытэтаў тых беларускіх студэнтаў, якія бралі ўдзел у апазыцыйных акцыях.

Нямецкія рэктары таксама разглядзелі пытаньне адносна пошуку месцаў для навучэньня гэтых студэнтаў у Нямеччыне. Было выказанае меркаваньне адносна стварэньня гэтак званай эўрапейскай унівэрсытэцкай прасторы – сыстэмы незалежных і аўтаномных вышэйшых школ, якія былі б зацікаўленыя ў абмене і каапэрацыі са студэнтамі краінаў, якія не належаць да Эўрапейскага Зьвязу.

Як вынікае з заявы нямецкіх рэктараў, Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, апошнім часам, усё больш ізалюецца ад эўрапейскай супольнасьці, а беларускія ўнівэрсытэты становяцца палітычным інструмэнтам у руках недэмакратычнага дзяржаўнага кіраўніцтва.

Канфэрэнцыя рэктараў вышэйшых школ Нямеччыны заяўляе пра сваю салідарнасьць з тымі студэнтамі, супрацоўнікамі беларускіх унівэрсытэтаў, якія прымаюць актыўны ўдзел у справе разьвіцьця свабоды слова, дасьледаваньняў і адукацыі ў мэтах адкрытай, эўрапейскай Беларусі”, гаворыцца ў заяве арганізацыі.

Кіраўніцтва ўнівэрсытэту Віядрына ў Франкфурце на Одэры, які ў свой час даў прытулак студэнтам зачыненага ў Менску Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, дае высокую ацэнку здольнасьцям беларускай моладзі. Паводле рэктара Віядрыны прафэсара Гезынэ Шван, "беларускія студэнты вельмі інтэлектуальныя, здольныя. Можна толькі радавацца такой моладзі і адначасна сумаваць, што гэтыя маладыя людзі ня могуць выкарыстаць свайго духоўнага патэнцыялу ў сябе дома, што было б вельмі добра для гэтае краіны". 

Радыё Свабода

11:24, 10/05/2006 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0588 seconds.