У БДУ фатаграфуюць усіх супрацоўнікаў
У БДУ з 15 па 22 траўня будзе праходзіць абавязковае фатаграфаваньне усіх выкладчыкаў. У адзін з гэтых дзён выкладчык мусіць зьявіцца з пашпартам на юрыдычны факультэт і прайсьці працэдуру. Для чаго іх фатаграфуюць выкладчыкам невядома. Таму ходзяць чуткі, нібыта гэта адбываецца дзеля таго, каб КДБ было прасьцей суадносіць здымкі з атрыманымі ў часе акцыяў 19-25 сакавіка і на Чарнобыльскім шляху. Некаторыя з выкладчыкаў жартуюць, што перад працэдурай фатаграфаваньня лепш крыху падмаскіравацца.
Супрацоўнікі ж БДУ камэнтуюць гэта так: “Дакладней, ня толькі выкладчыкаў, але й усіх супрацоўнікаў. Для таго гэта робіцца, каб потым зрабіць электронныя пасьведчаньні кшталту студэнцкіх”. Па праўдзе, студэнты дагэтуль ня ведаюць, навошта яны плацілі ў прымусовым парадку па 25 тысячаў у мінулым годзе за электроннае пасьведчаньне. Тады казалі, што гэта спросьціць сыстэму працы, напрыклад, у бібліятэках. Але на справе ніхто гэтым не карыстаецца.
“Зараз толькі фатаграфуем. І усё, аніякага сафта, нават, каб выцягнуць фотку з базы на дадзены момант няма.. і калі зьявіцца невядома... Але рабілася гэта менавіта пад электронныя пасьведчаньні. А фатаграфаваньне ужо даўна ідзе... На конт абавязковасьці ня ведаю. Мы гэтым займаемся, таму ўжо даўна пафоткаліся, хто хацеў. А хто не хацеў, той ведае, што гэта можна зрабіць ў любы момант", - патлумачыў супрацоўнік аддзела праграмнага забесьпячэньня БДУ.