Сёньня 20 год катастрофе на Чарнобыльскай АЭС
Навукоўцы да гэтай пары спрачаюцца, ці заніжаныя, ці завышаныя афіцыйныя дадзеныя, агучаныя Савецкай прапагандай, але кожны ведае, што ніякіх штучна створаных уладамі дакладных межаў “Чарнобыльскай зоны” проста не існуе – радыяцыя закранула нават ня толькі ўсю Эўропу, але і ўвесь сьвет.
Брытанская газэта “Independent” адзначае аб забруджанасьці сваіх тэрыторый: 12% Уэльсу, 11% Шатляндыі, 4% Брытаніі. Сьляды аварыі былі знойдзены ў Бразыліі, Японіі. Колькасьць радыёнуклідаў, выкінутых у выніку выбуху на АЭС, у 400 разоў перавышае тое, што было скінутае амэрыканцамі на Хірасіму. Збудаваны ў надзвычайных умовах героямі-ліквідатарамі саркафаг ужо можа абваліцца. Зараз у Чарнобылі працуе 3800 чалавек. Пра аднаго зь іх, “Сталкера Сяргея”, распавяла нямецкая "Stern".
Сяргей Кашалеў працуе тэлеапэратарам. Яго праца – здаваць штомесяц справаздачу аб стане саркафага. Мароз і вада, па словах Сяргея, зьнішчаюць канструкцыю. Зараз ён налічыў 100 квадратных мэтраў агульных дзірак у сьценах саркафагу. Яго трэба мяняць. “Пытаньне нават ні ў тым – разваліцца саркафаг ці не, - разважае Сяргей, - пытаньне, ў тым, колькі яму засталося. Па самых аптымістычных прагнозах – ня болей за 7 год”. У выпадку, калі гэта здарыцца, на паверхню можа выйсьці Амэрыцый, а гэта значыць, што загінуць можа 300 тысячаў чалавек працягам усяго некалькіх гадзінаў. І неверагодная колькасьць людзей загіне пасьля ад раку – сьцвярджае газэта.
А як гэта датычылася і датычыцца студэнтаў? Памятаю, як маленькая зайдросьціла “дзецям Чарнобылю”, якія ездзілі за дзяржаўныя і замежныя грошы ў Італію. Пасьля – думала, якая ж я была дурная. Зараз думаю, што усё роўна, што яны, што мы – амаль аднолькава забруджаныя. А дзяржава? А што дзяржава? Яна проста робіць выгляд, што яе гэта асабліва цікавіць. Льготы – і тыя скасавалі. А праблема нікуды ня зьнікла.
Сёньня - ЧАРНОБЫЛЬСКІ ШЛЯХ.