Прадстаўнікі КДБ сустракаюцца з студэнтамі БНТУ, якія былі затрыманымі на акцыях 19-25 сакавіка

Сёньня студэнтаў БНТУ, якія былі затрыманыя на плошчы Каліноўскага ў часе акцыяў 19-25 сакавіка, выклікалі ў рэктарат, дзе зь імі размаўляў старэйшы ўпаўнаважаны КДБ Сьвістун Дзьмітры Міхайлавіч

Размова з кожным студэнтам праводзілася асобна. Некаторым зь іх спадар Сьвістун прапаноўваў супрацоўніцтва з КДБ , іншых проста пераконваў адмовіцца ад удзелу ў акцыях пратэсту, пры гэтым усіх пужаў магчымымі праблемамі з вучобай ў унівэрсытэтэце.

Студэнт БНТУ Андрэй распавёў studenty.by, як праходзіла сустрэча зь ім: 

- Супрацоўнік КДБ на пачатку не хацеў называць сваё імя, але пасьля таго, як я катэгарычна адмовіўся размаўляць зь незнаёмым чалавекам – усё ж прадставіўся. Ён назваў сябе старэйшым ўпаўнаважаным Камітэта Дзяржаўнай Бясьпекі Сьвістуном Дзьмітрыем Міхайлавічам. 

На думку Андрэя, у супрацоўніка КДБ не атрымалася правесьці размову ў тым кірунку, якім ён жадаў бы. На ўсе яго пытаньні студэнт адказваў сваімі пытаньнямі. Так, напрыклад, калі Сьвістун спытаў: “Што вы рабілі на плошчы?”, Андрэй адказаў сваім пытаньнем: “А як вы лічыце, што я рабіў на плошчы?

Размова з Андрэем цягнулася даволі доўга, і ў часе яе спадар Сьвістун прапаноўваў студэнту супрацоўнічаць з КДБ. На яго адмову прадстаўнік КДБ папярэдзіў студэнта пра магчымыя праблемы ў здачы сэсіі.

Студэнта БНТУ Мішу, супрацоўнік КДБ вербаваць не спрабаваў, але пагражаў адлічэньнем з унівэрсытэта за ўдзел ў грамадзкіх акцыях пратэсту:

- Яго асноўная мэта была спыніць нашы дзеяньні, запужаўшы нас адлічэньнем з унівэрсытэта. Спадар Сьвістун сказаў, што калі я буду удзельнічаць у Чарнобыльскім шляху 26-га красавіка і тым больш, калі буду затрыманы пад час яго – мяне дакладна выключаць з БНТУ. Але я лічу, што маю права на выказваньне сваёй нязгоды з тым, што адбываецца ў нашай краіне, і буду рабіць гэта надалей. Але, хачу адзначыць, што ў межах унівэрсытэта я займаюся толькі навучаньнем. 

Цікавы факт адзначаюць большасьць студэнтаў, зь якімі размаўляў спадар Сьвістун:  супрацоўнік КДБ прасіў паглядзець сьпіс нумароў у адраснай кніжцы на іх мабільным тэлефоне. КДБшнік тлумачыў гэта тым, што яму цікава ведаць, з кім камунікуюць студэнты.  

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1268 seconds.