“Басовішча-2006” адбудзецца 21-22 ліпеня

Сёлетні фэстываль музыкі маладой Беларусі “Басовішча” будзе ўжо 17-ым па ліку. Пэрыяд актыўнай падрыхтоўкі да штогадовага сьвята рок-музыкі пад адкрытым небам распачаты! Чакаюцца цікавыя новаўвядзеньні ў арганізацыі фэстывалю.

Як і ў папярэднія гады сьвята адбудзецца ў мястэчку Гарадок (пад Беластокам). Сам фэстываль традыцыйна ўлучыць тры часткі. Распачне “Басовішча-2006” вольная сцэна. Другі дзень – конкурсная частка, удзел у якой возьмуць маладыя беларускія гурты, што пройдуць адборачны тур у Беларусі. І трэцяя частка фэстывалю – выступы “зорак”. У часе выступаў адбудзецца агучваньне пераможцаў фэстывалю “Басовішча-2006” і ўручэньне ўзнагародаў.

Фэстываль адбудзецца, хоць яшчэ ня вырашылася тэма фінансаваньня мерапрыемства польскім міністэрствам па ўнутраных ды адміністратыўных справах. Рашэньне ў гэтай справе павінна быць вядомае 20 траўня. Але арганізатары кажуць, што прадугледзелі розныя варыянты і фэстываль дакладна адбудзецца.

Арганізатарамі Басовішча ад пачатку заснаваньня фэстывалю зьяўляецца Беларускае Аб’яднаньне Студэнтаў – БАС, ад якога, зрэшты, і пайшоў назоў – Басовішча. Першы фэстываль адбыўся ў 1990 годзе і праводзіцца штогод.

Са словаў старшыні БАС Ілоны Карпюк, “Басовішча-2005” па арганізацыі можна лічыць лепшым. Але не абыдзецца і без новаўвядзеньняў. Арганізатары фэстывалю плянуюць увесьці на сцэну двух вядучых – хлопца і дзяўчыну – іх імёны пакуль не агучваюцца. 

Пра падрыхтоўку да “Басовішча-2006” распавёў studenty.by старшыня беластоцкага БАС Радаслаў Дамброўскі

Р.Д.: Ёсьць думкі ў другі дзень у суботу да пачатку канцэрту зрабіць невялікія музычныя выступы ці нават вулічны тэатар у розных нечаканых месцах – там, дзе звычайна зьбіраюцца людзі, чакаючы канцэртаў – каля Killer Bar, перад GOK і ў іншых месцах. 

Зараз распачатая актыўная падрыхтоўка да “Басовішча”. Інфармацыя пра адборачны тур для гуртоў-удзельнікаў конкурснай часткі будзе вядомая ў пачатку траўня. Вынікі адбору мусяць быць вядомыя да сярэдзіны чэрвеня – за месяц да пачатку фэстывалю. 

 

Зьвязаныя спасылкі:
Аўтастопам на “Басовішча-2005”! 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0066 seconds.