Ідэалягічная прафіляктыка студэнтаў на Акрэсьціна

 

Артыкул пра сустрэчу студэнтаў, затрыманых у часе мірных акцыяў пратэсту ўвесну 2006 і асуджаных на суткі ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку па вул. Акрэсьціна, з прадстаўнікамі МУС, якія наладзілі там ідэалягічную гадзіну. 

Дзяжурныя міліцыянты на паверсе любілі зазіраць да нас у камэру – там маладыя прыгожыя дзяўчаты, разумныя, вясёлыя, упэўненыя. Ня зьдзівіліся мы й на гэты раз, калі замест акенца для ежы адразу ж адчыніліся цяжкія жалезныя дзьверы.
Замест звыклых для нас дзяжурных у камэру залятае малады мужчына ня ў форме зь нейкімі сьпісамі:

«Студэнты ёсьць? Давайце трох з камэры!» – кажа нам і пачынае перапытваць, блытаючыся, хто з нас студэнткі. А такіх у нашай камэры абсалютная большасьць. Я па ўласнай ініцыятыве далучаюся ў “шчасьлівую” тройку студэнтак, што кіруюцца на незразумелую сустрэчу. 
«Апранаемся зараз жа і за мной!» – загадаў той мужчына. 

Думкі аб тым, куды ж нас павядуць, мрояца розныя. Самая першая вэрсія – на размову да КДБ. Таксама была думка, што нас хочуць перавесьці на апошні дзень у іншую камэру, як перавялі двух нашых дзяўчатаў перад прыездам на Акрэсьціна прадстаўнікоў АБСЭ – каб паказаць, што камэры “амаль” не перанаселеныя.

Першы раз за 10 сутак апранула куртку, абутак і выйшла на калідор. Там ужо стаялі хлопцы – ля дзесяці чалавек – аброслыя, шчаціністыя і памятыя, але нашыя :). Нас калёнаю вывелі на вуліцу – дзённае сьвятло сьляпіла вочы, ногі цяжка цягнулі за сабой цёплы абутак без матузкоў – на вуліцы ўжо была вясна.

Нас завялі ў іншы будынак на Акрэсьціна – той, дзе мы былі перад “расфасоўкай” па камэрах – дзе праводзілі вобшук, здымалі на відэа і інш. Там мы зноўку, нічога ня ведаючы, стаялі ў шэраг уткнуўшыся тварамі ў сьценку. Нехта зь міліцыянтаў пусьціў чутку, што нас зараз павядуць да прэсы. Потым нас вывелі на вуліцу. Было такое адчуваньне, што самі міліцыянты ня ведаюць, што з намі рабіць. Дзяўчатаў супрацоўнікі ворганаў пачаставалі цыгарэтамі – тыя, у сваю чаргу, падзяліліся з хлопцамі. Мы гэты час скарысталі для абмену навінамі – хто што чуў з вакна, якія газэты чытаў, ці стаіць яшчэ намётавы гарадок, што было на Дзень Волі і іншае. Мы ведалі, што людзі змагаюцца! 

Праз колькі хвілінаў нас зноўку перавялі ў наш корпус (стары корпус Акрэсьціна) – на чацьверты паверх. Там завялі ў залю з партамі, кветкамі на падваконьніках. Насупраць партаў стаяў шырокі стол, а на сьцяне здаровы герб з каласкамі і чырвона-зялёны сьцяг.

«Гэта псыхалягічны ўціск!» – ня стрымалася я, калі міліцыянты выйшлі з пакою, пакінуўшы нас адных перад гэтаю сьценкаю. Я яшчэ й села за першую парту.

Потым у пакой забег той жа ж мужчына, што паклікаў нас з камэры. Ён перапытаў, ці ўсе прысутныя студэнты. Натуральна, аказалася, што ня ўсе, бо з дакумэнтацыяй у іх там сапраўды нейкія праблема. Незразумела, як яны разьбіраюцца з рэальнымі злачынцамі, калі з-за гэтай бюракратыі ў іх безьліч памылак. У аднаго мужчыны, што сядзеў за партай, ён запытаўся, за што яго затрымалі і ці быў ён сапраўды на плошчы. Мужчына адказаў, што ня быў – была жонка, а ён уначы ёй нёс гарбату – ён нават не дайшоў, як яго забралі. Яшчэ што-нішто параспытваўшы, першы (назваць сваё прозьвішча ён катэгарычна адмовіўся) папярэдзіў з сарказмам:

«Глядзі-глядзі, не нагавары тут сабе яшчэ на адзін артыкул», - адказаў чалавек без прозьвішча і сышоў.

Мы пачалі актыўна перамаўляцца – хто зь якой ВНУ, хто ў якой камэры, шукаць знаёмых. Узьнялася тэма выключэньня студэнтаў пасьля такіх арыштаў.

Яшчэ праз колькі часу ў пакой зайшла цэлая дэлегацыя: дарослы мужчына ў гальштуку, яшчэ адзін міліцыянт з сур’ёзнымі пагонамі, два нейкіх дарослых мужчыны ў цывільным, адзін супрацоўнік адміністрацыі прыёмніка-разьмеркавальніка. Яны ўсе прайшлі за стол.

Мужчына ў гальштуку пачаў размову*. Ён прадставіўся кіраўніком аддзелу прафіляктыкі Міністэрства ўнутраных спраў – спадар Дрозд. Таксама ён прадставіў мужчыну з сур’ёзнымі пагонамі – свайго намесьніка сп. Маліноўскага. Двух іншых таварышаў ён прадставіў выкладчыкамі, прафэсарамі. Адзін зь іх падкрэсьліў: кандыдаты.

Дрозд патлумачыў мэту сустрэчы: выслухаць пэўныя прэтэнзіі, даведацца, якія ў нас думкі на будучыню, ці лічым мы сябе вінаватымі і наколькі зьмяніліся нашы думкі пасьля 10 сутак у камэрах.

Я першая падняла руку і запыталася, як клічуць “кандыдатаў”. Дрозд назваў прозьвішчы і адзначыў, што яны працуюць ў Акадэміі МУС, адзін зь іх – псыхоляг :). І адразу ж асёкся – гэта ня КДБ, вы ня думайце! Усьмешкі з нашага боку – “а мы й ня думалі – вы самі гэтую тэму паднялі”.

Дрозд пачаў тлумачыць па-іншаму:

«Мы хочам шчыра паразмаўляць, мы таксама бацькі і ў нас ёсьць дзеці, у іх таксама ёсьць свае думкі – давайце пагаворым»…

«Сапраўды, вы бацькі, у вас дзеці нашага ўзросту і таму пытаньне, якое я задам, канешне ж, турбуе і вас. Патлумачце мне, чаму я, маладая дзяўчына, не магу спакойна гуляць са сваім каханкам у парку? Вы не баіцеся, што вашы дзеці выйдуць на вуліцу, а іх зацягнуць невядомыя ў аўтобус, у якім сядзяць зьбітыя людзі ў крыві.   Не баіцеся, што вашых дзяцей будуць судзіць паводле пратаколу, які складзены з памылкамі, а сьведкамі будуць людзі, якіх вашы дзеці нават ня ведаюць. А потым судзьдзя спакойна дасьць вашаму дзіцяці 10 сутак, і яму нават не дазволяць вам патэлефанаваць. Гэта нармалёва? Вы не баіцеся за сваіх дзяцей?»

Выкладчык-псыхоляг на мае пытаньні заявіў, што я “нейкі арганізатар” – “гэта па вас адразу бачна!”

Размова была насычанай – за вакном хутка сьцямнела. Вось урыўкі “прафіляктыкі”.

Міліцыянт: «Ну а як у вас у душы, скажыце шчыра, як на сэрцы, як вы ставіцеся да гэтых акцыяў? У душы вы супраць сучаснага дзяржаўнага ладу?»

«Я можа быць Васю люблю ў душы – гэта мая прыватная справа».

* * *

«Як адаб’ецца нашае затрыманьне на навучаньні? Нас павыключаюць з ВНУ?»

Дрозд: «Мы вось якраз ладзілі сустрэчу зь Міністэрствам адукацыі. Нікога выключаць ня будуць! Ну там толькі двоешнікаў і прагульшчыкаў… А за палітыку – нікога!»

* * *

Нехта з МУСаўцаў: «Як вас клічуць: Алеся?.. Таня?... »

«Воля!»

«Ну цяпер мы вас дакладна ніколі не забудзем...»

 

* * *

Міліцыянт: «Да вы паглядзіце, як прыбалты жывуць! Ды яны ж нам зайздросьцяць! У параўнаньні з савецкім часам – мы жывем выдатна! Што вунь у Латвіі творыцца…»

«А Літва?»

«Да вы хоць былі там?»

«Канешне! – паварочваючыся да іншых затрыманых, - Сябры, прапаную пасьля “адсідкі” разам на тыдзень зьезьдзіць у Вільню – там адпачнем і паглядзім – як жа ж “складана і цяжка” там жыць ;)»  

* * *

«Кожны з тут прысутных быў затрыманы не на акцыі, а ў ваколіцах. Які закон я парушыла, гуляючы з каханым хлопцам у парку?»

Выкладчык з АМУС: «У нармалёвых людзей ёсьць нармалёвае пачуцьцё страху. Некаторыя тэлефанавалі 19-га ў міліцыю і запытваліся, ці можна сёньня выходзіць на вуліцу… А вы чаго там хадзілі? Дома трэба сядзець». 

 * * *

Выкладчык-псыхоляг, нэрвова пералічваючы і загінаючы пальцы: «Вы, значыць, невінаватыя. Вы любіце Беларусь, хочаце зрабіць яе лепей, ня хочаце зьяжджаць, вы не падтрымліваеце гэты рэжым…»

«Так». 

 

* * *

Міліцыянт: «У вас быў час падумаць над сваімі поглядамі. Ці зразумелі вы свае памылкі?»

Хлопец з затрыманых: «Раней я сабе ціха вучыўся, кніжачкі ціха чытаў і ў палітыку моцна ня лез. Але пасьля таго калі я адсядзеў 10 сутак – мае погляды дакладна вызначыліся».

* * *

Міліцыянт: «Ня слухайце казачкі, якія вам распавядаюць у камэрах – пра затрыманьні і зьбіцьцё. Усё гэта казачкі! У іх устаноўка такая – распавядаць вам казкі».

«У нас у кожнага такая “казачка”…»

* * *

Хлопец з затрыманых:

«З 20 чалавек у нашай камэры – 18 – людзі з вышэйшай адукацыяй. Вам гэта пра штосьці кажа?»  

Кажучы ў цэлым, арганізатары сустрэчы, яўна, не чакалі такога разьвіцьця падзеяў у часе размовы. Складалася ўражаньне, што сустрэчу праводзім мы, а не яны. У канцы я сказала заключнае слова ў стылі “давайце сябраваць, бо ўсе разумныя людзі рана ці позна будуць разам ісьці адной калёнай”, падзякавала ім, што зашлі да нас :) Сп. Дрозд вымушаны быў проста працягнуць мае словы.

Так, расьпіраў гонар, што мы аргумэнтавана спрачаліся, една, разумна, не паддаючыся на правакацыі. Крыху расчараваньня ад таго, што часта гэтыя дарослыя мужчыны з вышэйшай адукацыяй, седзячы перад намі – збольшага студэнтамі – казалі проста нелягічныя рэчы, не адпаведныя гісторыі, не адказвалі на пытаньні, мітусьліва выкручваліся. Мы падсьвядома чакалі, што яны будуць больш моцныя, а яны баяліся і апраўдваліся.

Калі мы ўжо ўсталі, каб сыходзіць, адзін “кандыдат” запытаўся ў нас:

«Скажыце шчыра, у душы вы сябе адчуваеце як, "няўдачнікамі" з-за таго, што вас сюды так пасадзілі?»

Нехта з хлопцаў з апошняга шэрагу кіўнуў: «Так».

Выкладчык ціха адказаў хлопцу, які вызнаўся "няўдачнікам":

«У гэтым і ёсьць ваша праблема». 

Я ганаруся людзьмі, што прысутнічалі там, сядзелі за партамі і адстойвалі свае думкі. Іх перакананьне ўжо ня зьменіць нічога. Нават выпадковыя людзі (а такіх значны адсотак), якія сапраўды проста праходзілі міма Кастрычніцкай, цяпер дакладна маюць СВАЁ стаўленьне да сытуацыі ў краіне, маюць гатоўнасьць бараніць сябе і свой выбар. Як могуць нашы бацькі, што стаялі пад Акрэсьціна верыць у “стабільную і працвятаючую” краіну, калі іх дзеці-студэнты кінутыя за краты, а па тэлебачаньні іх называюць наркаманамі і паказваюць сфабрыкаваныя рэпартажы?

Тых людзей, хто прайшоў праз Акрэсьціна, Жодзіна – ужо нічога ня стрымае. Адтуль выйшлі ўпэўненыя людзі, перакананыя, свабодныя. І там (тут) на волі іх сустрэлі такія ж свабодныя і ўпэўненыя людзі, якія прайшлі праз Дзень Волі, праз ночы ў намётавым гарадку на Кастрычніцкай, пра людзкую салідарнасьць, калі людзі аддавалі тым, хто стаіць на пляцы, свае курткі, прывозілі ежу. Калі побач стаялі студэнты і выкладчыкі, школьнікі і старэнькія бабулькі, якія ў адну ноч перад Акрэсьціна сьпявалі нам “Магутны Божа…”

Я ганаруся тым, што мы робім гісторыю. Ганаруся тым, што мы сьвядомыя, упэўненыя і моцныя. Мы пераможам – я гэта ведаю.

* Усе цытаты я запісваю па памяці, бо ніякіх нататнікаў і асадак з сабою ня было.


Воля Кузьміч 14:54, 11.04.2006 | Артыкулы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0461 seconds.