Дэканат лячэбнага факультэта БДМУ схіляе студэнтаў да датэрміновага галасаваньня
У якасьці перніку прапануецца магчымасьць зьехаць усім жадаючым дахаты ўжо ў чацьвер і прабыць там ажно да аўторка. Кнутом, як паведамлялі ад імя дэканата старасты, будзе пільны нагляд за ўсімі, хто застанецца падчас правядзеньня выбараў у інтэрнаце.
Зь ліку тых іншагародніх студэнтаў, што застануцца на выходныя ў Менску, пры ўмове ўзьнікненьня беспарадкаў, абяцаюць ствараць “групы мэдычнай дапамогі”.
“Вядома, што абсалютная большасьць студэнтаў з правінцыі нашага унівэрсытэта жывуць у інтэрнаце, - зазначыла адна са студэнтак-мэдыкаў, - таму, зразумела, імкненьне кіраўніцтва пракантраляваць сытуацыю – у гэтым няма нічога складанага”.
Па пакоях інтэрнату запусьцілі чуткі, што пасьля выбараў, тых, хто не зьедзе дахаты, магчыма, будуць высяляць. Але ня гледзячы на гэтыя размовы, шмат хто са студэнтаў усе ж такі застаецца ў Менску.
Нагадаем, што субота і панядзелак аб’яўленыя для многіх беларускіх студэнтаў днямі, калі заняткаў не плянуецца.