На прэзыдэнцкіх выбарах дэкан журфаку БДУ абяцае галасаваць “за прэзыдэнта”
У чацьвер 9 сакавіка дэкан факультэту журналістыкі БДУ сабраў студэнтаў, каб выказаць ім сваё меркаваньне: “Я свой грамадзянскі выбар ужо зрабіў: буду галасаваць за прэзыдэнта. Спадзяюся, Вы таксама”.
Паміж іншым, дэкан зазначыў, што дзяржава вылучыла 10 млрд рублёў на будаўніцтва новага корпусу факультэту. Гэта выклікала сьмех сярод студэнтаў. “Ужо ня першаму пакаленьню гэта абяцаюць” – казалі яны. Кіраўнік факультэту дадаў таксама, што студэнты “пераедуць” у новы корпус ўжо ў верасьні 2007 году.
На агульным сходзе студэнтаў, на якім былі ўсе жадаючыя (трэба адзначыць, што ніхто прымусова туды не зганяў), гаварылася й пра тое, што яны могуць “стаць ахвярамі правакацыяў”. Дэкан адзначыў, што сам чытаў праграмы ўсіх кандыдатаў, але ні праграма былога рэктара БДУ Казуліна, ні “адзінага” Мілінкевіча яму не спадабаліся. І дадаў: “не паддавайцеся на правакацыі”.
На пытаньне студэнтаў, ці будуць ужываць санкцыі да тых, хто не прагаласуе датэрмінова, С.В.Дубовік паабяцаў, што "вядома, не, бо мы з вамі цывілізаваныя людзі, і бяз санкцый зробім усё правільна".
Тут трэба адзначыць, што на ўсіх апошніх палітычных кампаніях студэнтаў журфаку масава прымушалі галасаваць датэрмінова, але тады факультэтам кіраваў іншы дэкан - спадар Вараб'ёў.
Датэрміновае галасаваньне пачынаецца 14 сакавіка.
Глядзіце таксама некалькі навінаў за кастрычнік 2004 году:
На журфаку БДУ прымушаюць галасаваць датэрмінова
Журфак БДУ: Раней некаторыя хаваліся ў шафах, але іх знайшлі
На журфаку БДУ — адкрытае парушэньне канстытуцыі