Тацяну Хому запрашаюць вучыцца ў Познаньскую акадэмію

Таня ХомаПознаньская Эканамічная акадэмія прапанавала бясплатнае навучаньне Тацяне Хоме, выключанай раней з БДЭУ. Акрамя гэтага сем вышэйшых навучальных установаў Познані далі пісьмовыя гарантыі дапамагчы працягнуць навучаньне беларускім студэнтам, якіх выключылі з ВНУ Беларусі па палітычных матывах. Канчатковае рашэньне Тацяна Хома прыме пасьля вынікаў суда з БДЭУ.

Кампанію на карысьць таго, каб забясьпечыць Тацяне Хоме магчымасьць вучыцца ў Эканамічнай акадэміі, распачалі яшчэ летась познаньскія студэнты разам зь сябрамі Беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру. Спачатку яны зьбіралі подпісы ў гэтай справе, а потым папрасілі дэпутата Сэйму ад Познані Філіпа Лібіцкага, каб ён ад свайго імя зьвярнуўся да кіраўніцтва акадэміі.

Са словаў Віталя Воранава зь Беларускага культурна-асьветніцкага цэнтру, рэктар акадэміі даслаў ліст, у якім гаворыць, што прымае студэнтку, а таксама вызваляе яе ад усіх аплатаў. Таксама ёсьць дамоўленасьць, што калі Тацяна Хома адмовіцца ад прапановы, замест яе можа быць прыняты іншы студэнт ці студэнтка зь Беларусі, што знаходзіцца ў падобнай сытуацыі.

Дэпутат Сэйму Філіп Лібіцкі паведаміў Радыё Свабода:

"Я лічу, што трэба дапамагаць усімі магчымымі спосабамі. Тут з аднаго боку мы дапамагаем спадарыні Хоме, якую выключылі з ВНУ паводле абсурдных абвінавачньняў. І гэта наш абавязак. А з другога боку разумеем, што гэта ў інтарэсе Польшчы – мець дэмакратычнага, заможнага суседа Беларусь. Калі ўлада памяняецца, Беларусі спатрэбяцца добра адукаваныя за мяжой маладыя людзі. Я спрабую дапамагчы маладым беларусам, якія ня могуць вучыцца ў сваёй краіне, атрымаць такую адукацыю. На сёньняшні дзень ужо сем познаньскіх ВНУ – дзяржаўных і прыватных – пагадзіліся дапамагаць"

Тацяна Хома пракамэнтавала studenty.by прапанову навучацца ў Познані:

“Я была вельмі ўзрадаваная атрымаць гэтую прапанову. Лічу, што ініцыятыва, распачатая Беларускім культурна-асьветніцкім цэнтрам, вельмі важная для падтрымкі студэнцкага руху ў Беларусі. Хутка ў мяне мае адбыцца суд з маім унівэрсытэтам – БДЭУ. І зараз я чакаю вынікаў суда перад тым, як прыняць канчатковае рашэньне адносна навучаньня.” 

tarka 13:00, 23/02/2006 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0668 seconds.