Эўракамісія сочыць за падзеямі вакол выключэньня Тацяны Хома
Зьвяз нацыянальных студэнцкіх аб’яднаньняў Эўропы ESIB праз свае кантакты ў Эўрапарлямэнце зьвярнуўся да Эўрапейскай Камісіі. Так, у сьнежні дэпутат эўрапарлямэнту ад Швэцыі Ёонас Сйостэд накіраваў у Эўракамісію і Савет Эўропы адмысловы ліст. У ім уздымалася пытаньне, ці зьбіраюцца яны падтрымоўваць студэнтку і як будуць рэагаваць на сытуацыю, у якой апынулася Тацяна Хома.
На пачатку лютага Benita Ferrero-Waldner (на фота) ад імя Эўракамісіі напісала адказ. У ім Камісія выказвае заклапочанасьць з прычыны парушэньняў правоў чалавека на Беларусі. І асабліва зьвяртае ўвагу на абмежаваньне правоў беларускіх студэнтаў.
Наконт выпадку Тацяны Хома ў лісьце пазначана:
“Эўракамісія ўважліва сочыць за разьвіцьцём падзеяў, што адбываюцца пасьля неабгрунтаванага выключэньня Тацяны Хома з Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэта.
Дэлегацыя кіраўнікоў дыпляматычных місіяў краінаў Эўразьвязу ў Менску прапанавала прафэсару Уладзіміру Шымаву, рэктару узгаданага ўнівэрсытэта, сустрэцца, каб абмеркаваць праблему абмежаваньня правоў студэнтаў на замежныя вандроўкі і ў прыватнасьці сытуацыю Тацяны Хома.
Эўракамісія вельмі шкадуе, што да гэтага часу прафэсар Шымаў на сустрэчу не пагадзіўся. Камісія працягвае сачыць за разьвіцьцём падзеяў”.
"Вельмі прыемна, што мая справа разглядалася на такім высокім узроўні, - адзначыла studenty.by Тацяна Хома. - Тым ня менш, гэта было толькі чарговай нагодай, каб эўрапейцы зьвярнулі ўвагу на праблемы беларускіх студэнтаў. Гэты адказ сьведчыць галоўным чынам аб тым, што эўрапейскія структуры будуюць сваю стратэгію адносна Беларусі і асаблівую ўвагу будуць надзяляць праблемам студэнцтва.”
Эўрапейская супольнасьць на справе зацікаўленая ў тым, каб забясьпечыць беларускім студэнтам магчымасьць атрымоўваць якасную вышэйшую адукацыю, прызнаную на міжнародным узроўні. Пасьля таго, як беларускія ўлады зачынілі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, супольнасьць у супрацоўніцтве з Нардычным саветам міністраў заснавала праект у падтрымку ЭГУ, што аднавіўся ў Вільні. На дзейнасьць праекта, які распачаўся ў студзені 2006 году, выдаткавана 2,2 мільёны эўра.