Саратаўскія казакі (Расея) абяцаюць ахоўваць замежных студэнтаў
Саратаўскія казакі выступілі зь ініцыятывай па ахове студэнтаў замежнікаў на тэрыторыі студэнцкіх гарадкоў у сваім горадзе. Прапаноўваецца, што казакі будуць забясьпечваць ахову грамадзкага парадку на тэрыторыі студэнцкіх гарадкоў, ВНУ і інтэрнатаў. Акрамя гэтага, яны будуць суправаджаць студэнтаў падчас культурна-масавых мерапрыемстваў.
Як паведаміла Алена Шылава - вядучы спэцыяліст прэсавай службы горада - саратаўскія казакі прапануюць арганізаваць групы аператыўнага рэагаваньня, якія можна будзе выклікаць у выпадку неабходнасьці, і гатовыя пачаць працу, як толькі будуць дасягнутыя адпаведныя дамоўленасьці з кіраўніцтвам саратаўскіх ВНУ.
"Ініцыятыва казакаў зьвязаная з тым, што ў Саратаве навучаецца мноства студэнтаў зь іншых краінаў сьвету. Таму саратаўскія казакі прынялі рашэньне забясьпечваць не толькі ахову ВНУ і студэнцкіх інтэрнатаў, але й простае камфортнае знаходжаньне й навучаньне ў горадзе замежных студэнтаў", - адзначыла Шылава.
На дадзены момант у Саратаве навучаецца больш, як тысяча замежных студэнтаў. Кругласуткавую ахову казакі плянуюць выстаўляць у дні правядзеньня ў горадзе масавых мерапрыемстваў. У 2005 годзе ў Саратаве група скінгедаў забіла азэрбайджанца - студэнта медыцынскага інстытута.
Паводле newsru.com