Студэнты-замежнікі ў Пецярбурзе просяць прадставіць ім адмысловы транспарт
У Пецярбурзе студэнты-замежнікі зьвярнуліся да гарадзкіх уладаў з просьбаю прадставіць ім транспарт для бясьпечнага перамяшчэньня. Па словах намесьніка загадчыка управы Міжунівэрсытэцкага студэнцкага мястэчка Уладзімера Навумава просьбу аб прадстаўленьні аўтобусаў, якія б езьдзілі між ВНУ і інтэрнатамі, студэнты-замежнікі выказалі падчас апошняе пашыранае нарады прадстаўнікоў пракуратуры і міліцыі са студэнтамі.
«На нарадзе студэнты зьвярнулі ўвагу на тое, што зімою яны выпраўляюцца на навучаньне і вяртаюцца ў інтэрнаты ў цёмны час суткаў, а напады на іх адбываюцца, як правіла, за межамі інтэрнатаў і месцаў навучаньня. Таму яны папрасілі разгледзець магчымасьць наладзіць адмысловы транспарт ад інтэрнатаў да інстытутаў і назад»,- паведаміў "Інтэфаксу" спадар Навумаў. Ён таксама адзначыў, што ініцыятыва замежных студэнтаў «ёсьць зразумелаю, але пры яе рэалізацыі паўстае ня толькі фінансавае пытаньне, але і пытаньне сацыяльнае справядлівасьці».