Рэктар Шымаў адказаў прэзыдэнту Эўрапейскай Асацыяцыі Ўнівэрсытэтаў на прыпыненьне сяброўства БДЭУ у гэтай арганізацыі
У адказ на прыпыненьне сяброўства Беларускага Дзяржаўнага Эканамічнага Унівэрсытэта ў ЭАУ рэктар Шымаў заявіў, што выключэньне Тацяны Хома – гэта толькі адзін з выпадкаў выключэньняў, зробленых за апошні год.
“У гэтым годзе 50 студэнтаў былі выключаныя з той жа прычыны парушэньня правілаў унутранага распарадку. Спадарыня Тацяна Хома была 51-й”, - заявіў Шымаў у лісьце да прэзыдэнта асацыяцыі прафэсара Вінклера, які разьмешчаны на першай старонцы сайта БДЭУ.
Ён таксама сьцьвярджае, што клапоціцца аб абароне правоў студэнтаў, але права свабоды перасоўваньня
“можа цалкам выкарыстоўвацца толькі ў вольны ад заняткаў час [...] адсутнасьць на занятках – грубейшае парушэньне правілаў унутранага распарадку унівэрсытэта”.
Напрыканцы свайго ліста прафэсар Шымаў выказвае сваё зьдзіўленьне прыпыненьню сяброўства ўнівэрсытэта ў EUA, бо “БДЭУ не зрабіў нічога, што супярэчыць духу і прынцыпам Эўрапейскай Асацыяцыі Унівэрсытэтаў”.
Камэнтуючы ліст рэктара старшыня ESIB Ваня Івошэвіч была шакаваная, калі даведалася, што 50 студэнтаў былі выключаныя з унівэрсытэта за бягучы акадэмічны год па той жа прычыне, што і Тацяна. “Калі гэта праўда, значыць яны выключалі студэнтаў амаль кожны дзень у гэтым акадэмічным годзе!” “Таксама зьдзіўляе думка рэктара, што з унівэрсытэтам абышліся несправядліва, калі прыпынілі яго сяброўства ў асацыяцыі”.
Некалькі дзён таму рэктар БДЭУ адмовіўся сустрэцца з амбасадарамі эўрапейскіх краінаў для абмеркаваньня сытуацыі вакол студэнцкай свабоды ў Беларусі, але ў сваім лісьце да прэзыдэнта ЭАУ ён запытваецца, чаму Аб’яднаньне Нацыянальных Студэнцкіх Зьвязаў Эўропы і Эўрапейская Асацыяцыя Унівэрсытэтаў не працуюць ў накірунку паляпшэньня сытуацыі з атрыманьнем візаў у ЭЗ падчас летніх вакацыяў.
“Якраз гэта зьяўляецца адным з накірункаў, якімі займаецца ESIB і мы пастаянна зьвяртаемся да ўрадаў Эўрапейскага Зьвязу з просьбай спрасьціць візавыя патрабаваньні адносна студэнтаў з такіх краінаў, як Беларусь, Сэрбія ці Альбанія”, - паведаміла studenty.by Ваня Івошэвіч, дзеючая старшыня ESIB.