Вялікабрытанія: згода, якая даецца, калі чалавек п'яны, тым ня менш зьяўляецца згодай
Суд Вялікай Брытаніі адхіліў справу студэнткі, якая сьцьвярджае, што яе згвалцілі, калі яна была п'яная і не кантралявала свае паводзіны, на той падставе, што "згода, якая даецца, калі чалавек п'яны, тым ня менш зьяўляецца згодай".
Студэнтку акторскага факультэта згвалціў студэнт, які працуе ахоўнікам. Інцыдэнт адбыўся ля дзьвярэй яе кватэры ў інтэрнаце. На судзе яна паведаміла, што не можа ўзгадаць хаду падзеяў, але сьцьвярджала, што згоды на сэкс з гэтым мужчынам не давала. Аднак прызналася, што "стагнала ад задавальненьня". Пасьля дадала: "Я не разумела, што раблю."
Газэта The Times робіць выснову, што пасьля гэтага суда дзяўчыны, якіх згвалцілі, калі тыя былі п'янымі, губляюць магчымасьць прыцягнуць крыўдзіцеляў да адказнасьці.
Гэтае рашэньне было прынятае за некалькі гадзінаў да лібэралізацыі брытанскіх законаў адносна ліцэнзаваньня, якое ўпершыню дазваляе прадаваць сьпіртовыя напоі ў пабах цэладзённа. У сувязі з гэтым паліцыя сьцьвярджае, што ў Брытаніі значна павялічыцца п'янства.