Якуб Колас і народныя песні: Re1ikt прэзентаваў кампазіцыі з новага альбому (аўдыё)

Re1ikt

Мінскі фолк-рок-гурт Re1ikt выклаў у Сеціва дзве песні з новага альбому. Падчас іх запісу калектыў упершыню выкарыстаў музычныя інструменты – банжо і цін уістл.

Кампазіцыя «Хадзіла галота...» з’яўляецца аўтарскай перапрацоўкай беларускай народнай песні з Лельчыцкага раёну. Тут гучыць партыя на цін уістле – брытанскай бляшанай дудачцы.

«Твор «Балотныя агні» напісаны паводле апавядання Якуба Коласа, у якім стары вяз кпіў з маладой бярозкі. Гэтая песня – падтрымка такім «бярозкам»: не трэба адмаўляцца ад сваіх мараў, нават калі ўсе навокал іх не разумеюць. Самыя смелыя мары здзяйсняюцца, калі сапраўды ў іх верыш», – распавядае лідар і бубнач Re1ikt Аляксандр Дземідзенка.

Зайграць у гэтай кампазіцыі Re1ikt запрасілі мінскага банжаіста і барда Аляксея Бора («Доходяги-Бэнд»).

Запіс новага альбому Re1ikt праходзіў на студыях Studio-X (Ольштын) і Everest Media (Мінск).

Рэліз чацвёртай студыйнай працы гурта запланаваны на кастрычнік. Яе прэзентацыя пройдзе ў клубе Re:Public 7 снежня.

Наступныя канцэрты Re1ikt адбудуцца 24 кастрычніка на Men’s Fest (Брэст) і 25 кастрычніка ў TNT Rock Club (Мінск).

Re1ikt – беларускі гурт, які працуе ў накірунках progressive rock, post-rock і alternative rock. Каманда спалучае іх з традыцыйным беларускім песенным фальклорам, які творча пераасэнсоўвае і робіць актуальным для сучасных слухачоў.

Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Ўкраіне, Літве, Расіі.


20:50, 29.09.2015 | Навіны |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0476 seconds.