Полька каля палаца прэзідэнта: Вільня для этнавандроўніка

Этнавандроўка ў Вільню на фальклорны фестываль «Skamba skamba kankliai» і каляндар цікавых імпрэз у ваколіцах страчанай сталіцы на бліжэйшыя месяцы.

Ахвочым зладзіць сабе ці сваёй сям’і этнавандроўку не абавязкова заязджаць аўтаспынам у глухую беларускую вёску. Можна цалкам сабе з камфортам загрузіцца ў навюткі цягнік Мінск–Вільня і праз 3 гадзіны быць у гушчыні падзей.

Мне пашчасціла сёлета трапіць на фальклорны фестываль «Skamba skamba kankliai» («Граюць, граюць гуслі»). Праходзіць у апошнія выходныя траўня з 1973 года. Танцы на вуліцы, спеўныя гурты (не толькі літоўскія), кірмаш рамеснікаў і майстроў народнай кухні, прэзентацыя кнігі, кінапаказ… Кожнаму знайшлася свая цікавостка.

Можна сумясціць з шопінг-турызмам, самыя цікавыя імпрэзы фестывалю праходзяць па вечарох. Толькі гуляючы па кірмашы рамеснікаў, на «Акропаліс» ды «Озас» забываешся імгненна. Вось якія абраць завушніцы?

А пасудку якую прывезці дамоў? Разбягаюцца вочы, а збегшыся назад, спыняюцца акурат на даўно любімай ковенскай кераміцы. І не ў адной мяне, бадай што, такія дылемы.

Галоўная сцэна фестывалю змясцілася каля палаца прэзідэнта Літвы. Плошчу каля ратушы занялі пад адкрытыя трэніроўкі пажарныя. І не трэба думаць, што на сцэне каля прэзідэнцыі праходзіла толькі афіцыйная частка. Тут і танчылі, і спявалі, і гандлявалі клубніцамі ды пярсцёнкамі…

На экране над сцэнай мільгаюць фотаздымкі з імпрэзаў фестывалю мінулых гадоў. На выявах заўважаны некаторыя беларускія музыкі: дудар Тодар Кашкурэвіч, гурт «Стары Ольса».

Дужа раю фестываль «Skambaskambakankliai» на наступны год. Сачыць за навінамі можна на сайце Віленскага цэнтра этнічнай культуры (па-ангельску) ці на сайце vilnius-events.lt/ru (па-руску).

Для тых, хто не хоча чакаць цэлы год – некалькі цікавых для этнавандроўнікаў імпрэз у бліжэйшыя месяцы:

З 23 на 24 чэрвеня – купальская ноч. Па-літоўску завецца Rasos – «Раса». 24 чэрвеня ў Літве дзяржаўны выходны дзень (як, дарэчы, і ў Латвіі на Купалле-Ligo). Купальскія вогнішчы палаюць па ўсёй краіне. Этнавандроўнік можа далучыцца да святкаванняў у парку Вярку (троху на поўнач ад Вільні) ці на курганах у Кернаве. Гэта старажытная сталіца Літвы. Чароўна прыгожае месца сілы, калі Вы разумееце, пра што я. Нескладана дабрацца ад віленскага аўтавакзала. Там жа 4–6 ліпеня – дні жывой археалогіі. Вас чакаюць рэканструктары старажытных рамёстваў, гатовыя даваць майстар-класы, музыкі, музей.

У Троках, вядомых сваім замкам, адрэстаўраваным практычна з нуля (недобразычліўцы жартуюць, што архітэктары нават не трапілі на старажытны фундамент), шэраг імпрэз у чэрвені–жніўні:

20–21 чэрвеня – сярэднявечны фестываль.

Для тых, каму акажацца мала купальскай ночы, – фольк-джаз вечар у маёнтку Ужутракіс 24 чэрвеня.

22–23 жніўня – Дні старажытных рамёстваў.

Некалькі практычных парад для неафітаў паездак у Літву:

  1. Цягнік да Вільні, гэта, канечне, камфортна і хутка. Але аўтобус можа абысціся у 2 разы танней.

  2. Для тых, хто жыве блізка ад вакзала ці лініі метро: аўтакампанія Ecolines мае рэйс з Мінска на Вільню а шостай ранку. Гэта бадай што самы танны варыянт даезду. Да таго ж дзейнічае бонус-праграма, за кожную паездку налічваюцца балы, якія потым даюць зніжку. Бонусы налічваюцца, калі пакупнік называе свій бонус-код (можна атрымаць праз рэгістрацыю на сайце) і толькі калі білет набываецца ў офісе кампаніі.

  3. Дзяржаўныя аўтакасы бяруць 13 тысяч камісіі “за папярэдні продаж білета”. На некаторыя рэйсы білет можна набыць без камісіі насупраць мінскага цэнтральнага аўтавакзала, у офісе кампаніі Intercars.

  4. За дарогу да Вільні Вы, мабыць, захочаце есці. Не спяшайцеся ў Макдональдс, зайдзіце ў бістро на аўтавакзале. Насупраць бістро – кавярня. Усё танна і смачна.

Фота Алены Ляшкевіч


Алена Ляшкевіч 14:50, 03.06.2015 | Этнавандроўкі |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0461 seconds.