На Vilnius Music Week 2015 выступяць беларускія электроншчыкі

19-21 лістапада ў сталіцы Літвы адбудзецца чацвёрты міжнародны шоўкейс-фестываль Vilnius Music Week. У гэтым годзе на ім выступяць тры беларускіх электронных праекты: Mustelide, Deech ды Alexei De Bronhe.

Менавіта на Vilnius Music Week летась Super Besse атрымалі прапанову на выданне альбома ў Еўропе, а першы менеджар Pink Floyd Пітэр Джэнэр ацаніў творчасць гомельскага электроншчыка (((O))). Акрамя іх на фэсце раней удзельнічалі Akute ды Clover Club.

– З Vilnius Music Week пачалася гісторыя шоўкейс-фестываляў для Беларусі, таму мы вырашылі зрабіць гэтае мерапрыемства справаздачным. У заяўку на яго патрапілі ўсе артысты, якія ездзілі на шоўкейсы за апошні год, у тым ліку Tallinn Music Week, Moscow Music Week і фінскі Lost In Music – агулам 13 калектываў. З іх арганізатары Vilnius Music Week абралі тры, – адзначае Зміцер Безкаравайны, кіраўнік праекта Experty.by, які выступае партнёрам усіх пералічаных фэстаў у Беларусі.

Абраныя беларускія артысты выступяць у суботу 21 лістапада ў клубе LOFTAS у адным канцэрце з Васей Абломавым (Расія), гуртамі Baasch (Польшча), Junk Riot (Эстонія), I Wear* Experiment (Эстонія), Black Water (Літва), Silly Cut (Літва). Квіткі на мерапрыемства, якое будзе адбывацца з 19 гадзін да 3 раніцы, каштуюць 3 еўра. Канцэрты Vilnius Music Week таксама будуць адбывацца ў клубах Liverpool Indie/Rock Bar і Vienuolio Pub.

Удзень ў межах Vilnius Music Week таксама будзе адбывацца і прафейсійная канферэнцыя. У пятніцу 20 лістапада галоўнай тэмай дня будзе ацэнка і падвышэнне энергаэфектыўнасці канцэртных пляцовак і мерапрыемстваў. Сярод спікераў будзе Роб Скалі, праект-мэнэджер Glastonbury Festival (Вялікабрытанія). Субота 21 лістапада будзе прысвечана рэгіянальнай кааперацыі. Музычныя рынкі сваіх краін прадставяць мэнэджэры, прамоўтэры і арганізатары мерапрыемстваў з Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі і Беларусі.

Уваход на канферэнцыю па дэлегацкай акрэдытацыі (таксама дае права на наведванне ўсіх канцэртаў). Арганізатары Vilnius Music Week выдзелілі для Беларусі 10 бясплатных акрэдытацый (транспорт, жытло і харчаванне за ўласныя сродкі). Заяўкі з пазнакай VMW2015 дасылайце да 18 лістапада (уключна) на адрас experty.by@gmail.com. Адбор будзе ажыццяўляцца прадстаўнікамі Vilnius Music Week па меры атрымання заявак. Прыярытэт будзе надавацца мэнэджэрам клубаў і артыстаў, а таксама арганізатарам канцэртаў і фестываляў. Канферэнцыя адбываецца на ангельскай мове.

16:00, 16/11/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0532 seconds.