Паліна Рэспубліка прадстаўляе дэбютны альбом «Бясконцы красавік»

15 траўня Паліна Рэспубліка з пашыраным складам свайго гурта прадставіць песні з альбому «Бясконцы красавік». Канцэрт пройдзе ў прасторы Studio 67 ў дзвюх аддзяленнях і будзе падсумаваннем першага этапа ў творчасці спявачкі.

Паліна Рэспубліка

Да гэтага альбома Паліна ішла сем год. Асновай праграмы сталі песні, якія яна напісала ў 15-16 год, працу на студыі спявачка пачала разам з музыкамі яшчэ калі ёй не споўнілася 18. І вось на ўласнае 21-годдзе яна заявіла, што альбом пад назвай «Бясконцы красавік» зроблены цалкам.

«Для мяне гэтыя песні звязаныя з бясконцай вясной і пяшчотай, бясконцай закаханасцю і захопленасцю, калі ты ўсё успрымаеш вельмі блізка, наіўна, тонка, уважліва, калі ўсё мае значэнне і ты перапоўнены жыццёвай энэргіяй. Менавіта гэтыя адчуванні я хацела захаваць у альбоме, з імі звязана назва і агульная канцэпцыя», – кажа Паліна.

Ужо прэзентаваны загалоўны сынгл – песня «Красавік», а рэліз дыску адбудзецца за некалькі дзён да жывой прэзэнтацыі. На вялікім канцэрце Паліны Рэспублікі 15 траўня песні з альбому прагучаць у выкананні пашыранага складу. Некаторыя ўжо вядомыя творы будуць зроблены ў іншых аранжыроўках. Музыкі называюць гэты канцэрт не больш не менш святам, на якім яны адзначаць вынік шматгадовай працы. Месцам для выступу абраная новая пляцоўка – крэатыўная прастора «Studio 67» з вялікай сцэнай і прасторнай заляй.

Канцэрт пройдзе ў межах акцыі «Жывы Тузін», якую ладзіць партал Tuzin.fm разам з грамадскай кампаніяй «Будзьма беларусамі!». 

15.05.2015. 19.00. Паліна Рэспубліка. Прэзентацыя альбома «Бясконцы красавік».

Месца: Studio 67 (пр.Партызанскі, 2а).
Квіткі ў касах і он-лайн у аператара Kvitki.by.
Кошт – 200 000 руб. (папярэдне). Інфалінія – +375 29 6872093.

13:12, 27/04/2015 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0822 seconds.