Belarus Alternative: падача на бясплатныя візы да 23 красавіка

1-2 траўня ў Вільні адбудзецца музычны фэст Belarus Alternative з удзелам гуртоў Brutto, Neuro Dubel, Pomidor/off, "Серебряная свадьба", Super Besse і Pukstband. Арганізатары ўдакладнілі дэталі атрымання бясплатных віз.

– Мы жадаем, каб максімальная колькасць гледачоў з мінімальнай колькасцю праблем здолела наведаць дадзенае мерапрыемства, – адзначае арганізатар фестывалю Юстас Мамантавас. – Таму ў асобным прэс-рэлізе мы вырашылі патлумачыць некаторыя пытанні, якія ўзнікаюць у публікі.

Бясплатныя візы (без спагнання консульскага збору) могуць быць выдадзеныя ўсім толькі на падставе квіткоў, набытых у офісе турыстычнай фірмы "Тридевять земель" (г. Мінск, вул. Казлова, д.7, оф.12). Пакупнікі квіткоў у сістэме Ticketpro (Беларусь) і Bilietupasaulis (Літва) візавую падтрымку атрымаць не могуць.

Пры продажы квіткоў з візавай падтрымкай маюць магчымасць адразу зарэгістравацца на падачу дакументаў у Амбасаду Літоўскай Рэспублікі (Мінск). Таму важна з сабой мець копію апошняй старонкі пашпарта (той, якая з фатаграфіяй). Жыхары Гродзенскай і Брэсцкай абласцей падаюць дакументы ў Генеральным консульстве Літоўскай Рэспублікі (Гродна) па жывой чарзе без папярэдняга запісу.

На гэты момант пры набыцці квітка рэгістрацыя на падачу дакументаў у Амбасадзе (Мінск) адбываецца аператыўна – на дзень-два наперад. У Генеральным консульстве (Гродна) вялікіх чэргаў таксама няма. Але сітуацыя можа ў любы момант змяніцца. Апошні дзень падачы дакументаў на візу – 23 красавіка. Тады пашпарт з візай вы атрымаеце 29 красавіка пасля абеду.

Квіткі на любы дзень фэсту даюць права на аднакраткую чатырохдзённую візу з тэрмінам дзеяння ад 30 красавіка да 3 траўня ўключна па спрошчаным наборы дакументаў. Таму вы маеце абраць музыку на свой густ альбо ехаць на абодва дні фэсту.

Спрошчаны набор дакументаў – гэта сапраўдны для выезду за мяжу пашпарт, квіток, страхоўка і запоўненая анкета (глядзіце дадзеныя на www.cartadorog.by). Даведка з працы, фінансавыя пацверджанні, паперы па размяшчэнні і іншыя дакументы не патрэбныя. Але ў асобных выпадках Амбасада пакідае за сабой права патрабаваць іх прадастаўлення.

Звяртаем увагу, што візы выдаюцца дзеля наведвання фестывалю Belarus Alternative. Выкарыстанне візы не па прызначэнні можа паўплываць на рашэнне аб выдачы Шэнгенскай візы ў будучым.

ФЕСТЫВАЛЬ BELARUS ALTERNATIVE

Вільня, Teatro Arena, 19.00

1 траўня: BRUTTO, NEURO DUBEL, POMIDOR/OFF

2 траўня: СЕРЕБРЯНАЯ СВАДЬБА, SUPER BESSE, PUKSTBAND

Кошт квіткоў: 400 тыс. руб. на адзін дзень, 700 тыс. руб. – на два дні.

Плануецца аўтобусны тур Мінск-Вільня-Мінск. Інфалінія: (029) 636 56 16 і (029) 239 56 16.

 

13:30, 30/03/2015 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0593 seconds.