Куды пайсці ў Вільні: гід ад удзельнікаў фестывалю Belarus Alternative

1-2 мая ў Вільні адбудзецца музычны фестываль Belarus Alternative, на якім выступяць гурты Brutto, «Серебряная свадьба», Neuro Dubel, Super Besse і іншыя музыкі. Напярэдадні мерапрыемства арганізатары папрасілі ўсіх удзельнікаў фестывалю распавесці пра ўлюбёныя месцы Вільні.

ДЗЕНЬ ПЕРШЫ

Гурт Brutto:

«Для нас канцэрты – гэта працяг спорту. Таму падчас гастроляў мы намагаемся падтрымліваць форму, трэніруемся. У любым горадзе нас цешыць наяўнасць у гатэлі альбо побач з ім добрай спартыўнай залы – не абавязкова люксавай. Больш істотна спалучэнне якаснага абсталявання і слушнай атмасферы. Усё астатняе – пытанне дзясятага шэрагу. Таксама любім рабіць ранішнія прабежкі па гарадах, дзе бываем. Мяркуем, што Вільня не стане выключэннем».

Гурт Neuro Dubel у асобе Аляксандра Кулінковіча:

«Зараз я трохі прыхварэў, але наогул люблю хадзіць па барах. Гаворым Вільня, маем на ўвазе бар і наадварот. "Marceliukes Kletis" – мой улюбёны ўжо шмат гадоў. Установа стылізаваная пад вясковую хату. Там проста ўсё вясковае, але гэта толькі стылізацыя. Смачна, прыстойна і астатнія добрыя словы».

Гурт Pomidor/Off у асобе Аляксандра Памідорава:

«Люблю шпацыраваць. Швэндацца па Вільні можна проста бясконца. Сярод улюбёных месцаў вуліца Pylimo, дзе знаходзіцца кірмаш, сінагога і "яйка". Люблю ўвесь стары горад, дзе прыгожых вулачак не пералічыць. Таксама амаль кожны раз заходжу да "дзядзі Фрэнка" – помніка Фрэнку Заппе на вуліцы Kalinausko. А яшчэ Вільня для згаладалага чалавека – смерць… ад пераядання. Пачынаючы з нацыянальнага фастфуда кібінай да порцыяў у кафэ ды рэстарацыях. Асабліва добрыя там халаднікі раніцай – у маі як раз пачынаецца сезон. А яшчэ рэкамендую паб "Alaus Studio" у Паўночным гарадку з 30 гатункамі піва».

ДЗЕНЬ ДРУГІ

Кабарэ-бэнд «Серебряная Свадьба»:

«Наша ўлюбёнае месца – Рэспубліка Ужупіс. Яе Канстытуцыю мы лічым узорнай ва ўсіх сэнсах. Ну, і проста заўжды ходзім туды на шпацыр. На шляху ад вакзала да Ужупіса знаходзіцца выдатная крама музычных інструментаў Tamsta. Заўжды там знаходзім нешта цікавае. А паміж Tamsta і Ужупісам акурат на схіле халма можна знайсці фантастычныя спартыўныя трэнажоры і размяцца перад пад’ёмам на гару Гедэміна».

Гурт Pukstband у асобе Сяргея Пукста:

«У Вільні, канешне, цікавая атмасфера агульнай нестэрыльнасці і тое, што мне больш за ўсё падабаецца – адчуванне вялікага хаатычнага нагрувашчання выпадковых месцаў. На кожным кроку на цябе можа скочыць антыкварная крама альбо хостэл. Цікава ісці ўздоўж доўгага плота ў самым цэнтры і раптам пабачыць у прарэху быццам ў сне казачны луг з хісткімі хвалямі травы. Калі гаварыць пра нейкія ўстановы, мяне больш за ўсё прывабліваюць антыкварныя крамы, барахолкі, крамы са старым вінілам і кампакт-дыскамі. З апошніх магу парэкамендаваць краму Thelonius на вуліцы Stikliu, а таксама Margo Vintage Shop і Vinilo Studija на вуліцы Pylimo».

Гурт Super Besse:

«У Вільні нам падабаецца і стары горад, і больш сучасная частка, дзе перасякаюцца хмарачосы з савецкім мадэрнізмам. У гэтым горадзе пад настрой ёсць і дастаткова вузкіх нешматлюдных вулачах, каб пашвэндацца ў цішы, і шмат шумных клубаў ды кафэ, каб весела пабавіць час. Рэкамендуем смачную кухню ў вінарні Franki, выдатныя напоі ў бары Sarkozy».

ФЕСТЫВАЛЬ BELARUS ALTERNATIVE

Вільня, Teatro Arena, 19.00
1 траўня: BRUTTO, NEURO DUBEL, POMIDOR/OFF
2 траўня: СЕРЕБРЯНАЯ СВАДЬБА, SUPER BESSE, PUKSTBAND


Кошт квіткоў: 400 тыс. руб. на адзін дзень, 700 тыс. руб. – на два дні.
Квіткі з правам на візавую падтрымку (аднаразовая віза без консульскага збору са спрошчаным наборам дакументаў) прадаюцца толькі ў офісе турыстычнай фірмы "Тридевять земель" па адрасе: Мінск, вул. Казлова, д.7, оф.12. Там жа адбываецца рэгістрацыя на падачу дакументаў. Апошні дзень падачы – 23 красавіка.

Квіткі без візавай падтрымкі можна набыць у Беларусі ў сістэме Ticketpro.by, у Літве – Bilietupasaulis.lt.

Інфалінія: (029) 636 56 16 і (029) 239 56 16.
Дадатковая інфармацыя: www.cartadorog.by.

 

21:00, 15/04/2015 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0579 seconds.