Гурт Vuraj зняў кліп, які падобны да мастацкага фільма

Фольк-гурт Vuraj зняў дэбютнае музычнае відэа – кліп на песню «Сасна пахілілася» з альбома «Раёк». Лідар гурта Сяргей Доўгушаў расказвае пра тое, як атрымалася, што канчатковы сюжэт кліпа не ведаюць нават самі музыкі, а кліп больш нагадвае мастацкі фільм і мусіць зацікавіць замежныя кінафестывалі.

«Мы сустрэліся з рэжысёрам Арцёмам Лобачам, пагутарылі, і вырашылі, што зробім кліп: нам заўжды падабалася тое, што робіць Арцём, а яму падабаўся Vuraj. – расказвае спадар Сяргей. – Мы прапанавалі яму самому абраць песню з нашага альбома, ён абраў «Сасну».

«Сасна пахілілася» бадай што самая нефарматная песня на альбоме, а ўжо тым больш уявіць, што кліп гурта будзе менавіта на яе было цяжка.

«Песня доўжыцца амаль сем хвілінаў, у ёй не так шмат словаў, яна цікавая тым, што спалучае ў сабе і неа-фольк, і класічны фольк і нават мінімалізм». – расказвае спадар Доўгушаў. – «Можна было б абраць іншую песню, больш хітовую, аднак «Сасна» ў гэтым плане цікавейшая, на выхадзе мусіць атрымацца больш чым кліп. У нас была выдатная каманда – акцёры, масоўка, чалавек 15, хто спрычыніўся да кліпа».

Сама песня таксама незвычайная – хрэсьбінныя спевы з’ява вельмі рэдкая, сустракаецца пераважна ў беларускай культуры.

«Тут ёсць і жаночы пачатак, і мужчынскі, ёсць своеасаблівая філасофія, спалучэнне паганства і хрысціянства, што, дарэчы, у кліпе таксама заўважна», – расказвае спадар Сяргей.

Здымалі кліп на Гарадзеншчыне, і амаль у натуральных умовах.

«Так сталася, што мы пераехалі машынай святло, - смяецца Сяргей. – Таму выкарыстоўвалася натуральная асвятленне, да таго ж зламалася дым-машына, таму дым у кліпе натуральны – мы палілі вогнішчы, гэта стварыла асаблівую атмасферу: за два дні здымкаў на прыродзе, мы настолькі пагрузіліся ўласна ў прыроду, што музыкі, якія прыехалі толькі на трэці дзень нас не адразу пазналі».

Тры дні ў лесе і на хутары ў Шэршнях, Нёман, сасновы лес – усё гэта стварыла непаўторную, містычную, па словах музыкаў атмасферу, якую можна ўбачыць ужо ў тызеры кліпа.

Выніковую версію кліпа музыкі гурта Vuraj яшчэ не бачылі – нават сцэны з акцёрамі спадар Лобач здымаў асобна.

«Мы думаем, што кліп можна будзе паказаць на замежных кліпавых і кіна-фэстах, ягоная асноўная каштоўнасць – праца рэжысёра Арцёма Лобача, які стварыў кароткі мастацкі фільм на аснове нашай песні, і выдатная праца аператара Аляксандра Алейнікава. Да таго ж вельмі хацелася б паказаць у Еўропе наш фальклёр, беларускую спецыфіку, і канешне ж, мы прэзентуем кліп па-максімуму ў нашай краіне», – кажа спадар Сяргей. 

Прэзентацыя кліпа і канцэрт ад этна-гурта Vuraj адбудзецца 27 лютага а 19.00 у Studio 67 (Партызанскі пр-т, 2а). Уваход вольны.

comments powered by Disqus
 
In 0.084 seconds.