На «Басовішча» вяртаецца конкурс

Басовішча

Фестываль «Басовішча» сёлета адбудзецца 17-18 ліпеня ў традыцыйным борыку мястэчка Гарадок у Польшчы. Арганізатары актыўна рыхтуюць праграму і ўжо распачалі перамовы па візавай падтрымцы для беларускіх гледачоў фэсту.

«Галоўнае, што атрыманае фінансаванне на гэты традыцыйны фэст, які сёлета пройдзе ў 26-ы раз», – расказвае старшыня Беларускага Аб'яднання Студэнтаў, якое ладзіць Басовішча, Ганна Пякарская ў гутарцы з Радыё Рацыя.

Фінансавай падтрымка ўжо ёсць ад Міністэрства адміністрацыі і ад Маршалкоўскай управы. Арганізатары разлічваюць з гэтай дапамогай правесці «сапраўды вельмі добры фестываль».

На «Басовішча» сёлета вяртаецца конкурсная праграма для маладых гуртоў.

«У гэтым годзе конкурс будзе. І вяртаемся да традыцыйнай конкурснай праграмы. Будзем прасіць гурты, каб дасылалі свае заяўкі журы, якое адбярэ самыя лепшыя гурты. А на фестывалю будзе галоўная частка конкурсу», – распавядае Ганна Пякарская.

Арганізатары ўжо правялі паспяховыя перамовы з шэрагам гуртоў, але чакаюць інфармацыі пра большае фінансаванне, ад якога будзе моцна залежыць музычная праграма «Басовішча-2015».

Ганна Пякарская распавядае, што візавае пытанне сёлета ўжо пачало вырашацца. Цягам апошніх некалькі год, не гледзячы на даволі значную ўвагу да візавай падтрымкі беларусаў з боку арганізатараў «Басовішча», дамовіцца з польскім кансулятам у Беларусі на зручную схему не атрымлівалася.

«У гэтым годзе пачалі старацца раней. Ужо цяпер праводзім размовы з консульствам, амбасадамі, так што маем надзею, што ўсё будзе ў парадку, і што дастанем у канцы канцоў гэтыя візы», – тлумачыць кіраўніца БАС.

Фестываль «Басовішча», які болей за чвэрць стагоддзя таму паўстаў, як імпрэза для моладзі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы, паступова вырас да адной з самых важных штогадовых падзей беларускай музычнай альтэрнатывы. Асаблівасцю фэсту з'яўляецца студэнцкі дух, які трымаецца на ўсё новых пакаленнях Беларускага Аб'яднання Студэнтаў, што ладзяць «Басовішча».


Міла Чутко 09:40, 18.02.2015 | Басовішча |




comments powered by Disqus
 
In 0.0518 seconds.