Гурт Trubetskoy прэзентаваў у Інтэрнэце фільм «Trubetskoy. The Band». У ім патлумачана, чым гэты калектыў адрозніваецца ад «Ляпісаў», і дадзена слова музыкам, якія шмат гадоў з не размаўлялі з публікай і прэсай.
Фільм быў зняты творчым аб’яднаннем «Дзеці сонца» ў Вільні, на студыі саўндпрад’юсара Снорэ Бергеруда. У яго ўвайшлі музычныя нумары і інтэрв’ю з усімі ўдзельнікамі гурта, у якіх яны распавядаюць адзін пра аднаго і пра свой праект, а таксама даюць адказ, чаму распаліся «Ляпісы».
«Калі гурт "Ляпіс Трубяцкі" выходзіў на сцэну, мы бачылі 7 чалавек. Але інтэрв’ю ад імя каманды даваў толькі адзін – Сяргей Міхалок, – узгадвае былы піаршчык "Ляпісаў" і сучасны прэс-аташэ гурта Trubetskoy у Расіі Аляксандр Бергер. – У нашым новым калектыве іншы падыход да стасункаў са светам. Мне падалося слушным зрабіць інтэрв’ю не толькі з Пашам, як франтмэнам гурта, але і з Русланам Уладыкам, які граў у "Ляпісах" ад дня заснавання, і з Аляксандрам Старажуком, які аддаў "Ляпісу Трубяцкому" 10 гадоў свайго жыцця. Карацей, як мы тут жартуем паміж сабой, слоганам гэтага фільма павінны былі стаць словы "Яны маўчалі 25 год"…».
«Калектыўны разум і калектыўная творчасць – гэта наогул нашы галоўныя казыры, – тлумачыць Павел Булатнікаў, – Нам цікава і весела разам бавіць час, разам працаваць і адпачываць. Мы – сапраўдная банда, сапраўдны бэнд. Таму фільм так і назвалі».
Акрамя фільма ў Інтэрнэт таксама выкладзена поўная версія студыйнага канцэрта ў Вільні. У сэт-ліст увайшлі 7 трэкаў: зайграныя на новы лад "Виноградная лоза", "Евпатория", "Котик", "Нафта" і "Рамонкi" з рэпертуара "Ляпісаў", а таксама ўласныя песні гурта Trubetskoy – "Ёлкі" і "Don’t Touch My Bass".
Нагадаем, у лютым Trubetskoy паедзе ў свой першы тур па гарадах Беларусі. Ужо пацверджаны выступы ў Мінску (13 лютага, прэмія "Даём рады"), Гомелі (14 лютага), Гродна (20 лютага), Віцебску (21 лютага), Магілёве (14 сакавіка). Акрамя гэтага Trubetskoy можна будзе пабачыць у Стакгольме, Маскве, Разані, Іванаве і Ніжнім Ноўгарадзе.