Першы выступ студэнцкага гурта "Казінае малако"

26 верасьня ў адной з шматлікіх кватэраў мікрараёна Малінаўка каля трыццаці студэнтаў мелі магчымасьць назіраць за першым выступам гурта "Казінае малако". Блізу 19 гадзіны вечара трэба было зьявіцца на прызначаным прыпынку 81-га аўтобуса. "Там павінен стаяць чалавек, які завядзе ў месца, дзе адбываецца канцэрт", - прыкладна так тлумачыў нам адзін з арганізатараў.

Імпрэза цягнулася гадзіну. У кватэры нумар 13 можна было пачуць 13 кампазыцыяў, зь якіх большая палова выконвалася па-беларуску.

Гурт "Казінае малако" арганізаваны пяцьцю студэнтамі Акадэміі мастацтваў. Адпаведна, канцэрт суправаджаўся мастацкім выступам яго ўдзельнікаў. Гэта надавала імпрэзе пэўную атмасфэру шоў.

Вось так, нягледзячы на ўсемагчымыя цяжкасьці, маладыя музыкі пачынаюць сваю кар'еру. За адзін выступ колькасьць прыхільнікаў гурта вырасла на некалькі дзясяткаў чалавек.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0072 seconds.